Уладальніку гродзенскага навінавага агрэгатара Сяргею Чабоцьку прысудзілі 3,5 гады калоніі і штраф у 1000 базавых велічынь (42 тыс. руб.). Як паведамляюць крыніцы Hrodna.life, пракурор запытваў для Чабоцькі чатыры гады зняволення.

Чабоцьку затрымалі 23 кастрычніка 2024. Тройчы судзілі: за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і «пікет» у інтэрнэце.

Вядома, што першапачаткова Чабоцьку асудзілі па арт. 19.11 ч. 2 КаАП «Распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або якая прапагандуе такую ​​дзейнасць».

Пасля адбыцця арышту Чабоцька не выйшаў на волю. Яго абвінавацілі па арт. 361−1 КК «Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім».

У кастрычніку 2024 года праўладныя медыі паведамілі, што інтэрнэт-рэсурс s13 прызнаны экстрэмісцкім па заяве пракурора Гродна.

Як пасля пісаў праўладны Telegram-канал «Гродненские сливы», s13.ru у 2020 нібыта актыўна публікаваў матэрыялы апазіцыі, а ўладам і праўладным актывістам адмаўляў у публікацыі. На думку аўтараў, тады партал ператварыўся ў «навіновы агрэгатар прыхільнікаў змен».

S13 быў буйным гульцом на медыярынку

Да ліквідацыі партал быў адным з найбуйнейшых на гродзенскім медыярынку. Пасля выбараў 2020 года перастаў перадрукоўваць медыі, прызнаныя экстрэмісцкімі, і часам бескрытычна рэпосціў праўладныя і дзяржаўныя тэксты.

Сайт працаваў амаль 20 гадоў. У рубрыцы «Папулярнае» тэксты збіралі па 20−100 тыс. праглядаў. У Instagram было 82 тыс. падпісчыкаў, у Telegram — 14 тыс.

За двое сутак пасля прызнання экстрэмісцкімі матэрыяламі страціў дзясяткі тысяч падпісчыкаў у сацсетках. Цяпер сайт недаступны.