Спецыяльная скрыначка, якая быццам абараняе будынак ад вільгаці, з’явілася ў Навагрудскім касцёле Арханёла Міхаіла напрыканцы жніўня 2025 года. На яе ўстаноўку звярнул увагу Telegram-канал «Спадчына» — аўтары выказалі здагадку, што праца прылады не мае навуковага абгрунтавання. Тады «Спадчына» накіравалі зварот у НАН Беларусі.

«Да Беларусі дабраліся міжнародныя махляры BioDry, яны выкарыстоўваюць помнікі архітэктуры для таго, каб прасоўваць сваю „цудоўную скрыначку“, якая быццам бы мусіць перамагчы ўвільгатненне сцен», — пісалі аўтары «Спадчыны» у жніўні.

Прынцып працы скрыначкі будуецца нібыта на ўзаемадзеянні электрамагнітных хваль, якія «кіруюць капілярным рухам вільгаці ў сценах». Такая фармулёўка здзівіла аўтараў «Спадчыны».

Тады аўтары праверылі кампанію-устаноўшчыка. Выявілася, што юрыдычны адрас адсутнічае. Ёсць толькі «тэлефон прадстаўніка». Таксама на міжнародным форуме Reddit адшукаліся згадкі, што «гэтае фуфло прадаюць старыкам па ўсёй Таскане».

Прыгадваюць аўтары і іншы прыклад падобнага махлярства. Ён адбыўся ў Кіеве ў 2020 годзе, калі некалькі фарма-кампаній рэалізавалі праект па асушэнні падмуркаў і сцен Сафійскага сабора. На ўсталяванне «скрыначак» патрацілі каля 100 $ тыс.

«Я збіраюся напісаць у Нацыянальную акадэмію навук Беларусі, каб яны пацвердзілі ці абверглі магчымасць такой магічнай тэхналогіі, а пасля звярнуцца ў МАРГ і пракуратуру», — адзначаў аўтар публікацыі.

У кастрычніку 2025 прыйшоў адказ з Акадэміі навук. З тэхналогіяй азнаёміліся супрацоўнікі аддзелу фізіка-тэхнічных навук. Згодна з адказам кандыдата фізіка-матэматычных навук Міхаілам Малько, абяцанні фірмы па працы скрыначкі «не адпавядаюць рэчаіснасці».

Чытайце таксама: Улады Гродзеншчыны плануюць ператварыць Навагрудак у горад-музей