Пасёлак Берагавой знаходзіцца ў 15 кіламетрах ад Гродна. Яго стараста, Іван Ждончык, распавёў NewGrodno аб праблемах, з якімі сутыкаюцца жыхары. Дамы, якія стаяць у нізіне, затаплівае. Пасля заняткаў школьнікі не паспяваюць сесці на аўтобус, які едзе да пасёлка — наступнага даводзіцца чакаць яшчэ дзве гадзіны. А ў адзінай на ўвесь пасёлак дзіцячай пляцоўкі нязручае месцазнаходжанне.
Дамы топіць вада з палёў - чыноўнікі пра гэта ведаюць
Цяпер у Берагавым жыве каля 450 чалавек. Больш за ўсё жыхароў хвалююць пытанні, звязаныя з інфраструктурай і транспартнай камунікацыяй.
Па словах Ждончыка, адны з самых праблемных вуліц у пасёлку — Малахітавая і Балтыйская. Вуліцы знаходзяцца ў нізіне, таму іх часта падтаплівае вада з палёў. У вадзе ёсць угнаенні і гербіцыды.
Жыхары прасілі мясцовых чыноўнікаў вырашыць пытанне — зрабіць канал на ўскраіне поля, каб вада сцякала туды. «Дэпутаты Гродзенскага райсавету пайшлі насустрач. Прынялі адпаведнае рашэнне. Але абяцанні засталіся на паперы», — кажа Ждончык.
Журналісты NewGrodno звярнуліся за каментаром да старшыні Верцялішкаўскага сельвыканкама Сяргея Сінякова. Чыноўнік аб праблеме ведае і «рэгулярна трымае сувязь з жыхарамі». Па словах Сінякова, «апошнім часам падтапленні не назіраліся».
Тэрыторыю ўчастка пад дзіцячую пляцоўку распрадаюць
Турбуе жыхароў і дзіцячая гульнявая пляцоўка. Пад яе будаўніцтва планавалі аддаць вялікі ўчастак. Але потым яго падзялілі - участкі прадавалі з аўкцыёну. Цяпер пляцоўка стаіць на невялікім участку. Яе ўсталявалі ў няўдалым месцы, дзе расце высокая трава. Ждончык хвалюецца, што дзяцей могуць пакусаць кляшчы. «Апасаемся, што і гэтыя соткі сыдуць з малатка», — кажа стараста.
Каментуючы сітуацыю, Сінякоў запэўніў, што «дзеці ў Берагавым без месца для гульняў не застануцца».
Маршрутка не спыняецца ў пасёлку, дзеці не паспяваюць на аўтобус
У Берагавым ёсць складанасці з транспартнай камунікацыяй. Маршрутка Гродна — Абухова робіць прыпынак у пасёлку. Маршрутка Гродна — Скідзель, якая таксама праязджае пасёлак, там не спыняецца. Жыхары цікавяцца, чаму.
Па словах намесніка начальніка аўтавакзала Гродна Вольгі Ганчарук, перавозчыкі робяць прыпынкі ў залежнасці ад маршруту і раскладу. «Калі перавозчык здзейсніць прыпынак не па сваім плане, то гэта грубае парушэнне», — кажа Ганчарук.
Мясцовым параілі звярнуцца ў КУП «Гродзенскі гарадскі аператар пасажырскіх перавозак».
Другое транспартнае пытанне, якое хвалюе жыхароў пасёлка — аўтобус. Школьнікі, якія вучацца ў Гродне, не паспяваюць сесці на яго пасля заняткаў.
«Урокі заканчваюцца, пакуль дзеці збяруцца, апрануцца, дойдуць да прыпынку… А аўтобус ужо сышоў: наступны толькі праз дзве гадзіны. Дзеці вымушаны чакаць. Чаму нельга змясціць расклад хаця б на 20−30 хвілін пазней? Гэта было б вялікай падмогай для нас», — кажа Ждончык.
Намеснік дырэктара Гродзенскага гарадскога аператара пасажырскіх перавозак Віталь Хамко сказаў, што праблему вырашаць. Цяпер «сітуацыю вывучаюць знутры», каб потым змяніць расклад аўтобуса.
Чытайце таксама: «Сродкаў няма, а святы арганізуюць». У Ласосна гадамі затапляе дамы з-за дрэннай дарогі, але ўлады не вырашаюць праблему



