Сілавікі зноў пачалі «кашмарыць» сям’ю журналіста з Гродна Валерыя Руселіка. Яны задавалі пытанні пра яго і яго сям’ю. Мэты сваіх візітаў не патлумачылі. Пра гэта Руселік расказаў у Facebook 23 кастрычніка.
Валерый нагадвае: важна ведаць, па якой справе і ў якасці каго апытваюць менавіта вас. І адказваць на пытанні, якія тычацца справы.
«таму калі да вас прышлі як да сьведкі ў справе супраць мяне й пытаюць, да прыкладу, дзе вы працуеце альбо як часта бываеце за мяжою, то вы не абавязаныя адказваць на гэтыя пытаньні. але вельмі важна адмаўляцца адказваць з фармулёўкай: „я ня буду адказваць на гэтае пытаньне, таму што яно аніяк не датычыцца справы, у межах якой мяне апытваюць“. пры гэтым вельмі важна, каб у пратакол апытваньня вашую адмову адказваць на пытаньне зафіксавалі менавіта з гэтым пытаньнем і прычынай вашай адмовы адказваць на яго», — тлумачыць Валерый.
Вы маеце права не сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх. Уважліва чытайце тое, што падпісваеце. Пры неабходнасці - адкарэктуйце запісаны сілавікамі тэкст вашых паказанняў. Перакрэсліце пустую частку паперы. Можна «забыцца» некаторыя рэчы, пра якія вас пытаюцца. «ня вер, ня бойся, не прасі - залатое правіла ў кантактаваньні з гэтымі ў*бкамі», — нагадвае Руселік.
Ён таксама раіць запомніць імя і пасаду таго, хто вас дапытваў, і перадаць іх тым, хто ў бяспецы.
Журналіст Валерый Руселік родам з Гродна. Жыве ў эміграцыі больш за 15 гадоў. У красавіку 2025 года вярнуўся працаваць на тэлеканал «Белсат». Таксама ён вядзе свой YouTube-канал daroha, дзе распавядае пра падзеі ў Беларусі, публікуе анімацыю і песні. У яго ёсць TikTok-канал Vytoki, дзе блогер распавядае цікавыя факты пра Беларусь. Яго сацсеткі прызналі экстрэмісцкім фарміраваннем. У сакавіку 2024 года супраць яго распачалі крымінальную справу.