Жыхары рэгіёна могуць падаць ідэі на конкурс праектаў. Важны крытэрый — трэба быць паўналетнім і пастаянна пражываць у той мясцовасці, дзе будзе рэалізавана ідэя. Прыём праектаў грамадзянскіх ініцыятыў на 2026 год аб’явіў Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў.
Як падаць заяўку
Праекты прымаюць з 20 кастрычніка па 31 снежня 2025 года. Іх можна адправіць на паперы па адрасе: г. Гродна, вул. Ажэшкі, 3, каб. 408, ці ў электронным выглядзе ў PDF на [email protected] (з пазнакай «Праект грамадзянскай ініцыятывы»). Усе неабходныя дакументы можна знайсці на сайце Гродзенскага аблвыканкама.
Да праекта трэба дадаць:
- заяўку з асабістымі звесткамі і кантактамі,
- згоду на апрацоўку персанальных звестак,
- лісты падтрымкі,
- пры неабходнасці — аналітычную запіску, карты і іншыя матэрыялы, якія дапамогуць рэалізаваць ідэю.
Пасля папярэдняга разгляду ў абласным Савеце лепшыя праекты пройдуць конкурсны адбор.
Як будуць ацэньваць праекты грамадзянскіх ініцыятыў у Гродзенскай вобласці
Камісія будзе ацэньваць праекты па шасці крытэрыях:
- абгрунтаванасць ідэі,
- сацыяльны і эканамічны эфект,
- завершанасць,
- навізна,
- дапамога людзям з абмежаванымі магчымасцямі,
- вырашэнне вострых праблем.
Балы сумуюць, праекты з нулявой ацэнкай да конкурсу не дапусцяць. Пры роўных балах перавагу атрымліваюць больш інавацыйныя і сацыяльна значныя праекты.
Калі бюджэту, выдзеленага на конкурс, хопіць, то прафінансуюць усе праекты, якія прайшлі адбор. Пры недахопе сродкаў выйграюць праекты з найбольшай колькасцю балаў.
Вынікі апублікуюць на сайце Гродзенскага аблвыканкама і ў газеце «Гродзенская праўда», а выканаўцаў праектаў прызначыць аблвыканкам.
Читайце таксама: Як адрозніваецца падтрымка грамадзянскіх ініцыятыў у Беларусі і Польшчы
Якія праекты перамаглі ў мінулым годзе ў Гродзенскай вобласці
Сярод іх не было ніводнай з рэалізацыяй у Гродне. Усе праекты адносіліся да іншых гарадоў і аграгарадкоў Гродзенскай вобласці.
Пераможцамі сталі 13 ініцыятыў. Сярод іх, напрыклад, «80 салютаў Перамогі» ў Лідзе. Гэта была ідэя Маладзёжнага парламента пры Лідскім раённым Савеце дэпутатаў. Яна ўключала ў сябе размяшчэнне банераў з фота і інфармацыяй пра жыццё лідчан і працу прадпрыемстваў у пасляваенныя гады.
Таксама сярод пераможцаў было шмат праектаў па добраўпарадкаванні тэрыторый. Напрыклад, у аграгарадку Гіркі Воранаўскага раёна, адраджэнне парку ў аграгарадку Пагародна таго ж раёна. У Навагрудку з’явіўся інклюзіўны гульнявы комплекс, а ў Карэлічах — скейт-пляцоўка.