Актывістка з Гродна Вольга Бондарава знайшла на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі тэкст пра рэпрэсаванага паэта Тодара Кляшторнага. Гэта матэрыял “Радыё Свабода”, пасля 2020 года прызнанага экстрэмісцкімі матэрыяламі і экстрэмісцкім фарміраваннем. Вольга абурылася – праз тыдзень публікацыя знікла.

Тэкст распавядаў пра Тодара Кляшторнага і пра тое, што ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года «ў безыменныя магілы злачынцы закапалі цвет нацыянальнай літаратуры». Была пазначана крыніца – “Радыё Свабода”.

“Паважаны ГУБАЗіК МУС РБ і што з імі! У нас закон адзіны для ўсіх ці як? Хто адкажа за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і фэйкаў пра „Курапаты“?» ,- напісала Бондарава, якая сама адбыла суткі за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Праз тыдзень Вольга напісала: запіс знік. “Вось цікава, ці паўстала адказная за вядзенне сайта асоба перад законам, або #гэтаіншае?”- задаецца яна пытаннем.


Кляшторны быў членам літаратурных аб’яднанняў “Маладняк”, “Узвышша”, БелАПП. Уваходзіў у нефармальную супольнасць “ТАВІЗ” (“таварыства аматараў выпіць і закусіць”). НКУС прысудзіў яго 29 кастрычніка 1937 як «сябра антысавецкай арганізацыі» да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Яго расстралялі ў ноч на 30 кастрычніка 1937 год разам з яшчэ 50 дзеячамі навукі і культуры БССР. Рэабілітаваны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 8 чэрвеня 1957 года.