40-гадовага жыхара Лідскага раёна вінавацяць у махлярстве. Мужчына некалькі гадоў падманваў людзей, абяцаючы добраўпарадкаваць магілы, але не збіраўся гэтага рабіць.
З 2018 па 2025 год ён атрымліваў грошы «ў доўг» пад выглядам аплаты за добраўпарадкаванне пахаванняў у Лідскім, Іўеўскім, Шчучынскім, Воранаўскім раёнах і Гродне. А потым не выконваў абяцанняў і траціў грошы па сваім меркаванні.
Такім чынам пацярпелі 15 чалавек. Сума шкоды склала каля 115 тысяч рублёў, паведамляе сайт Генпракуратуры.
Раней мужчыну ўжо судзілі за падобныя злачынствы. Цяпер у дачыненні да яго зноў распачалі новую крымінальную справу па артыкуле аб махлярстве. А менавіта — завалоданне маёмасцю шляхам падману і злоўжывання даверам, здзейсненае паўторна, у буйным і асабліва буйным памерах. Пракуратура накіравала матэрыялы ў суд, а меру стрымання змянілі — замест падпіскі аб нявыездзе яго ўзялі пад варту. Паводле ч.3 і ч.4 арт.209 КК яму пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.