У вёсцы Расла Смаргонскага раёна 17 кастрычніка здарылася ДТЗ. Кіроўца Audi наехаў на прыдарожную капліцу. Помнік, які адносіцца да гісторыка-культурнай каштоўнасці «Каталіцкія капліцы XIX-першай паловы XX стагоддзя», разбураны, піша shliah.by.
Аўтамабіль рухаўся з вёскі Расла ў кірунку Жодзішак. Прычынай ДТЗ стала тое, што кіроўца няправільна выбраў хуткасць. ДАІ праводзіць праверку. Спецыялісты аддзела культуры склалі акт аб пашкоджанні гістарычнага аб’екта. Матэрыялы адправілі ў Смаргонскі РАУС для правядзення расследавання.


Гэта адна з дзвюх капліц, якія былі пабудаваны ў вёсцы ў XIX стагоддзі. У 2019 годзе намаганнямі супрацоўніцы мясцовага музея ўсе прыдарожныя капліцы ў раёне атрымалі статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, піша Telegram-канал «Спадчына».
«Як кажуць украінскія калегі, казаць пра помнік як пра цалкам знішчаны — даволі шкодна, бо гэта стварае ўражанне, што ён страчаны незваротна і не мае сэнсу яго ўжо аднаўляць. Насамрэч разбурыць помнік можа і пажар, і ракета, і аўтамабіць, але прам знішчыць — гэта толькі мэтанакіраваны дэмантаж, бо заўсёды застаецца вялікая частка помніка. Так і тут: цокаль, падмуркі, частка сцен, крыццё даху — захаваліся. Аднавіць не выглядае цяжкай задачай, бо твор даволі простай архітэктуры (хаця можа мы чагосьці не ведаем)», — удакладняюць аўтары.
