На вуліцы Гаспадарчай пачалі зносіць старыя гаражы. Пабудовы даўно пуставалі і знаходзіліся ў аварыйным стане. Па словах спецыялістаў, яны маглі быць небяспечнымі для жыхароў — існавала рызыка абвальвання або пажару.
Для дэмантажу задзейнічалі каля шасці аўтамабіляў і трактароў, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс».
Пасля расчысткі пляцоўкі тэрыторыю добраўпарадкуюць, а на месцы старых гаражоў з’явяцца новыя аб’екты. Якія — не ўдакладняецца.
Зусім побач — на вуліцы Дубко — плануюць пабудаваць новы квартал, але інвестара ўсё не могуць знайсці. Участак выстаўлялі на аўкцыён тры разы. Паводле планаў, там павінны з’явіцца шматкватэрныя дамы, грамадскія аб’екты (кафэ, магазіны або аддзяленні банкаў), а таксама транспартная інфраструктура.
Загваздка заключаецца ў тым, што для будаўніцтва новых дамоў трэба знесці старыя пабудовы. Але кошт іх зносу цяпер амаль у 10 разоў перавышае кошт участка.

У Ленінскім раёне горада — 45 безгаспадарных будынкаў
Па словах намесніка дырэктара УЖРЭП Ленінскага раёна Гродна Дзяніса Цімошкі, на балансе прадпрыемства знаходзіцца пяць безгаспадарных будынкаў. А таксама ёсць каля 40 патэнцыйна небяспечных аб’ектаў, якія належаць іншым арганізацыям. Усіх іх пастаянна аглядаюць спецыялісты, каб пераканацца ў бяспецы і абмежаваць доступ старонніх.
Калі парушэнні знаходзяцца, то камунальнікі выпісваюць прадпісанні ўласнікам для ліквідацыі праблем.