Гродзенская візажыстка Дар’я Іёдзель расказала ў Threads пра дзіўнага хлопца. Ён падыходзіць да дзяўчат з адным і тым жа пытаннем: «Не падкажаце, дзе тут факультэт замежных моў?». Аказалася, што з ім сутыкаліся і іншыя гродзенкі. Іх насцярожылі паводзіны маладога чалавека.

Пасты і каментарыі нязначна адрэдагаваны для зручнасці чытання.

«Дзяўчаты, Гродна, хтосьці сутыкаўся з дзіўным хлопцам? Выглядае і апрануты прыстойна, крыху смуглявая скура, падыходзіць да дзяўчат з адным і тым жа пытаннем. Гаворыць з акцэнтам. Усё б нічога, але спачатку ён стаўкерыў дзяўчат каля БІПа, з маёй трэніроўкі, а сёння падышоў да мяне ў двары дома з такім жа пытаннем. Мутна і стромна, матывы не зразумелыя», — напісала Дар’я.

Гродзенкі адгукнуліся на допіс Дар'і і расказалі, што таксама бачылі гэтага маладога чалавека пераважна ў цэнтры горада.

«Пару тыдняў таму ён спыніў нас з сяброўкай каля драмтэатра. Зноў спытаў пра факультэт, сказаў, што прыляцеў з Італіі да сваякоў, а потым пачаў прасіць кантакты. Згодна, што выклікае неадназначныя эмоцыі», — падзялілася адна з дзяўчат.

Дар’я адзначыла, што думала паведаміць у міліцыю, але падставы для звароту няма — хлопец проста падыходзіць і задае пытанне.

Сустрэчы з «дзіўным італьянцам» у Гродна

Іншая жыхарка расказала, што разам з сяброўкай спрабавала дапамагчы мужчыну знайсці патрэбны корпус. Дзяўчаты пакінулі яму свае кантакты, пасля чаго ён запрасіў адну з іх на каву. Яна вырашыла не адказваць.

«Не думала, што сустрэну тут такое пытанне! Да мяне таксама падыходзіў, сказаў, што з Італіі, быў у парку Жылібера», — напісала яшчэ адна гродзенка.

Дар’я ўдакладніла, што сустрэла яго ў двары свайго дома. «Крыху стромна ўжо робіцца», — піша дзяўчына.

«Да мяне падышоў гэты хлопец у канцы жніўня на Савецкай. Я хацела дапамагчы, пачала шукаць корпус у тэлефоне, а ён спакойна стаяў і чакаў. Тады ён таксама падаўся дзіўным», — напісала яшчэ адна карыстальніца.

Некаторыя бачылі маладога чалавека каля медыцынскага цэнтра «Лодэ».

«Пачытала каментарыі — аказваецца, ён да ўсіх падыходзіць з адным і тым жа пытаннем. Да мяне падыходзіў тыдні два таму. Падаўся падазроным, і закраліся сумненні, што ён сапраўды замежнік. Цікавы матыў гэтага тыпа, жудасны», — дадала яшчэ адна дзяўчына.

Іншая ўдакладніла, што ён гаварыў, быццам родам з Рыма.

«Італьянец жадае пазнаёміцца». Гродзенка расказала пра дзіўнага хлопца ў цэнтры Гродна
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Метад знаёмства ці насцярожваючыя паводзіны?

Некаторыя каментатары выказалі здагадку, што хлопец проста такім чынам спрабуе пазнаёміцца з дзяўчатамі і запрасіць іх на спатканне. «Чытаў пра яго раней — відаць, у яго такі метад знаёмства», — напісаў адзін з гараджан.

«Тады Бог з ім. Калі шчыра, з такой тактыкай я ўжо падумала нядобрае. Думаю, трэба біць трывогу!», — адказала Іёдзель.

«На „Дана Молл“ у Мінску хлопцы таксама так знаёмяцца», — заўважыла адна з дзяўчат.

«Цікавы спосаб „падкату“. Пасля аповедаў трэнера пра дзіўнага хлопца, пачуўшы тую ж фразу ў сябе ў двары, я проста бегла як шалёная», — прызналася Дар’я.

Меркаванне псіхолага аб сітуацыі з «дзіўным знаёмствам»

Гродзенская псіхалагіня Марына (імя зменена) пракаментавала Hrodna.life сітуацыю з настойлівым хлопцам і расказала, што рабіць у сітуацыі, калі знаёміцца не ўваходзіць у планы.

— З псіхалагічнага пункту гледжання вызначыць матыў паводзін маладога чалавека досыць складана. Гэта можа быць часткай яго сцэнарыя — спробай знаёмства праз дэманстрацыю ўразлівасці, напрыклад, задаючы пытанне «куды прайсці» ў пазіцыі таго, хто мае патрэбу. Падобныя паводзіны могуць быць дакучлівымі, калі чалавек не адчувае асабістых межаў і не ўлоўлівае рэакцый іншых людзей. У асобных выпадках гэта можа быць праявай парушэнняў сацыяльнага ўзаемадзеяння.

Галоўны арыенцір у такіх сітуацыях, на думку псіхолага, гэта — уласныя адчуванні. Калі на цялесным узроўні ўзнікае пачуццё трывогі, страху, унутранага напружання або дыскамфорту, важна прыслухацца да гэтых сігналаў.

— Гэта ўжо дастатковая прычына, каб спыніць узаемадзеянне. Не трэба ахвяраваць сваёй бяспекай дзеля ветлівасці. Калі не хочацца ўступаць у размову — гэта абсалютна нармальна. Можна спакойна і цвёрда сказаць: «Выбачайце, я не ведаю, я не магу вам дапамагчы. Да пабачэння». Пасля гэтага варта проста сысці і не працягваць кантакт.

«Італьянец жадае пазнаёміцца». Гродзенка расказала пра дзіўнага хлопца ў цэнтры Гродна
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Што рабіць, калі непажаданыя зносіны працягваюцца

Псіхалагіня раіць не даваць свае асабістыя дадзеныя, калі вы адчуваеце дыскамфорт. Калі ж чалавек працягвае вам пісаць або зноў падыходзіць, то варта ўсталяваць межы — спакойна сказаць: «Калі ласка, не пішыце і не падыходзьце да мяне больш».

— Калі ж падобныя паводзіны паўтараюцца і пачынаюць нагадваць пераслед, варта запомніць знешнасць, адзенне, час і месца сустрэчы, а затым звярнуцца ў міліцыю. Важна памятаць: не трэба чакаць, што чалавек «сам зразумее» ці «зчытае культурны код». Чым больш выразна і спакойна вы выказваеце адмову — без эмоцый, халодным ці нейтральным тонам — тым вышэй верагоднасць, што непажаданыя зносіны спыняцца. Галоўнае — ваша бяспека. Гэта заўсёды павінна быць у прыярытэце, — рэзюмуе спецыялістка.