У Лідзе адкрылі першы ў Гродзенскай вобласці «Пункт здароўя». Тут устаноўлены масажнае крэсла, імпульсны масажор, апарат магнітатэрапіі і прыбор вібраакустычнага ўздзеяння. Акрамя таго, працуе фітабар, дзе можна самастойна прыгатаваць травяны кактэйль, параіўшыся з урачом.
Новы сацыяльны сэрвіс з’явіўся дзякуючы Чырвонаму Крыжу і пачаў працаваць на базе тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, паведамляе лідскі сайт 0154.by.
Хто можа скарыстацца новым сэрвісам
«Пункт здароўя» створаны для жыхароў, якія карыстаюцца паслугамі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання — гэта больш за дзве тысячы чалавек. Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра людзей пажылога ўзросту.
Першымі наведвальнікамі сталі ўдзельнікі клуба «Актыўнае даўгалецце», які аб’ядноўвае звыш 180 пажылых гараджан.
Трапіць у «Пункт здароўя» можна па папярэднім запісе.
Майстар-класы і развіццё праекта
У найбліжэйшы час спецыялісты мясцовага экалагічнага цэнтра правядуць майстар-клас і раскажуць пра карысныя ўласцівасці лекавых раслін і рэцэпты травяных збораў.
У лістападзе 2025 года аналагічны «Пункт здароўя» адкрыецца ў Ленінскім раёне Гродна. У далейшым праект плануюць развіваць па ўсім рэгіёне.