16 кастрычніка чальцы камітэтаў замежных справаў і развіцця Еўрапейскага парламента прагаласавалі за фіналістаў прэміі імя Сахарава «За свабоду думкі» 2025 года. Сярод намінантаў — гродзенскі журналіст Анджэй Пачобут.
Намінантамі сталі «палітзняволеныя журналісты, «якія змагаюцца за вашу і нашу свабоду». Разам з Пачобутам на прэмію намінаваная таксама грузінская журналістка Мзія Амаглабэлі, асуджаная на два гады турмы за ўдзел у антыўрадавых пратэстах.
Кандыдатуры Пачобута і Амбалоэлі вылучаны і падтрыманы найбуйнейшай фракцыяй Еўрапарламента — Еўрапейскай народнай партыяй, а таксама кансерватарамі, паведамляе «Польскае радыё».
«У гэтай намінацыі ёсць глыбокі сімвалізм: абодва кандыдаты — журналісты, якія падвергліся рэпрэсіям, а Грузія, на жаль, усё часцей дэманструе тэндэнцыі, падобныя да беларускага рэжыму», — адзначаюць дэпутаты Еўрапарламента.
Таксама на прэмію вылучаны журналісты і гуманітарныя работнікі ў Палестыне і ва ўсіх зонах канфліктаў, якіх прадстаўляюць Палестынскі сіндыкат журналістаў, Чырвоны Паўмесяц і Блізкаўсходняе агенцтва ААН для дапамогі палестынскім уцекачам (БАПОР). І сербскія студэнты, якія пратэстуюць супраць абмежаванняў акадэмічных свабод.
Прэмія імя Сахарава — міжнародная ўзнагарода, заснаваная Еўрапейскім парламентам у 1988 годзе ў гонар савецкага фізіка і праваабаронцы Андрэя Сахарава. Прысуджаецца людзям і арганізацыям за выдатны ўнёсак у абарону правоў чалавека, свабоду слова і дэмакратычныя каштоўнасці.
У 2020 годзе пераможцамі прэміі сталі лідары дэмакратычнай Беларусі і ўвесь беларускі народ.
Хто такі Анджэй Пачобут
Гродзенскі журналіст і адзін з лідараў закрытага беларускімі ўладамі Саюза палякаў Беларусі Анджэй Пачобут адбывае пакаранне ў восем гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года.
Пачобут працаваў у недзяржаўных беларускіх медыя, супрацоўнічаў з замежнымі выданнямі. Вывучае гісторыю Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі. Прысуд яму вынеслі 8 лютага 2023 года. Анджэя абвінавацілі паводле арт. 361 КК «Заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь» і арт. 130 КК «Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці».
Праз два дні пасля вынясення прысуду — 10 лютага 2023 года — Польшча закрыла памежны пункт пропуску «Баброўнікі» на польска-беларускай мяжы, паабяцаўшы адкрыць яго на наступны дзень пасля вызвалення Пачобута. Нядаўна лідарка Саюза палякаў у Беларусі Анжаліка Борыс сустрэлася з Анджэем Пачобутам у наваполацкай калоніі. Сустрэча доўжылася каля паўтары гадзіны.