Крэатыўнае агенцтва Argo распрацавала дызайн да 896-годдзя заснавання Гродна. Дызайнеры прадставілі білборды, шыльды і сувенірную прадукцыю, якія візуалізуюць брэнд горада.

Аўтары канцэпцыі хацелі аб’яднаць «яркі дызайн» з «багатай культурнай спадчынай» горада. Таму ў афармленні выкарыстоўвалі блакітны колер герба Гродна. Залаты, які адсылае да крыжа ў рагах аленя Губерта, а таксама бірузовы — колер купала Фарнага касцёла. «Ясны блакітны кажа аб энергетычнасці і імклівасці горада, паважаючы ранейшыя догмы», — дадаюць дызайнеры ў Threads.

Цэнтралізавана «афіцыйны» візуал Гродна выбіралі ў 2019 годзе. Тады ўлады арганізавалі конкурс, на які прадставілі паўсотні прапановаў. Журы выбрала праект брэсцкай студыі «Grafit». Некаторыя гараджане засталіся незадаволеныя рашэннем. Лічылі, што «падчас закрытага галасавання быў абраны бяздарны лагатып», якім гродзенцы «не змогуць ганарыцца». Вынікі конкурсу патрабавалі адмяніць. Але ўлады не адмовіліся ад прынятага рашэння.

Цяпер афіцыйным брэндам горада лічыцца лагатып з аленем Губерта. А фірменны патэрн адсылае да маёлікі (узораў на плітах) на сценах Барыса-Глебскай царквы.

Распрацаваны брэнд выкарыстоўвае аддзел спорту і турызму, каб прасоўваць турыстычны патэнцыял Гродна. Так у ліпені 2020 у розных частках горада з’явілася пяць тэматычных білбордаў. Таксама лагатып выкарыстоўваюць падчас святочных і турыстычных мерапрыемстваў.

Аддзел спорту і турызму валодае лагатыпам. Таму можа як бясплатна даваць лагатып, так і забараняць арганізацыям яго выкарыстоўваць.

Чытайце таксама: У гродзенскай «Хлебнай Крамы» новы дызайн. Рэбрэндынг абышоўся пякарні ў 2000 руб