У кафэ і кавярнях Гродна з’явіліся восеньскія тэматычныя прапановы: гарачыя пасты, цёплыя закускі і сезонныя напоі. Hrodna.life расказвае, у якіх установах горада абнавілася меню.

Рэстараны

У рэстаране Pablo на Савецкай, 13 запусцілі восеньскае меню. Ёсць салата з духмянай грушай і казіным сырам за 22 руб. і салата з курыцай, гарбузом і мядова-гарчычным соусам – каштуе 15 руб.

Супы тыдня – гарбузовы і з белымі грыбамі. А на закуску – брускетта з баклажанам, карпача з тунца або ванголе (малюск) у сметанкова-часнычным соусе. Кошт закусак вар’іруецца ад 12 да 26 руб.

На гарачае ў Pablo прапануюць індычку з гарбузовым соусам і цукіні – 29 руб., курыцу на грылі з грыбным соусам – 19 руб. і пасту з белымі грыбамі і труфелем – 29 руб.

У рэстаране-гатэлі «Кронон» у Пышках падаюць фандзю са швейцарскага сыра. У якасці дабаўкі – чыабата, бульба ў мундзіры і марынаваныя карнішоны. Уладальнікі раяць есці страву на тэрасе. «Мы прынясем вам пледы, на крэслы накінем цёплыя авечыя шкуры – звычайны восеньскі дзень ператворыцца ў невялікі адпачынак у Альпах», – пішуць у Instagram установы.

Сярод іншых восеньскіх пазіцый рэстарана – карпача з васьмінога пад соусам з хрэна, ялавічны тартар з грыбным соусам і гарбузовы крэм-суп.

Кафэ 

У бістро Semolina на Савецкай, 7 гасцям прапануюць равіолі з белымі грыбамі і тварожным сырам. Страва абыдзецца ў 19 руб. Таксама можна замовіць салату з прашута, грушай і сырам з цвіллю за 16 руб.

Кавярні

У кавярні Doppio на Замкавай, 12А распрацавалі восеньскі спешл. Гатуюць глінтвейн, пунш з персікам і маракуяй, латэ аўсянка-чарніцы і капучына са смакам браўні.

У «Какао» прапануюць сезонную выпечку – слаёную булачку эскарга з шакаладам, разынкамі або макам. Філіялы ўстановы працую па трох адрасах: на Будзёнага, 28, Савецкай, 6 і ў ГЗК «Тринити».

У кавярне «Просто кофе» на Замкавай, 18 падаюць яблычны напой з “атмасферай і смакам восені”. Верагодна, смак напою нагадвае сідр. Таксама гатуюць сезонную каву: гарбузовы латэ, бананава-шакаладную каву і п’яны раф. Кошт напояў – ад 8 да 8,5 руб.

У «Американо» на Савецкай, 17 ёсць ірландскі капучына. У напой дадаюць крыху алкаголю, таму непаўналетнім яго не прададуць. Каштуе капучына 12 руб. Іншыя сезонныя напоі больш бюджэтныя – па 9 руб. Можна купіць раф з кляновым пеканам, капучына духмяны каштан і кававы глінтвейн.

«Чашки и Ложки» на Вялікай Траецкай, 9 таксама распрацавалі восеньскае меню. У пазіцыях: латэ кіндэр-кантры, кава гранат-мёд, духмяны бамбл і гарбузова-карамельны латэ. Кошт напояў – 9 руб.

Чытайце таксама: Гродзенцы назвалі любімыя шаўрмічныя горада