Былую сядзібу Бохвіцаў у Падароску спрабуюць прадаць з аўкцыёну 14 лістапада. За яе хочуць больш за 2 млн рублёў - $ 724 тыс. Яна падаражэла ў 6 разоў: у 2013 годзе мецэнат Павел Падкарытаў купіў яе за $ 118 тыс.
У лот уваходзіць комплекс аб’ектаў былой сядзібы па вул. Паркавай, 4:
- пажарная частка,
- кузня,
- хлеў,
- бытавое памяшканне з прыбудовай,
- былая сядзіба.
Агульная плошча — 649,2 м². Прызначэнне — гістарычны помнік. Будынкі знаходзяцца на балансе аддзела культуры Ваўкавыскага райвыканкама.
Сядзібу здаюць у арэнду да ліпеня 2075 года. Новы ўладальнік павінен пакрыць выдаткі на аўкцыён, атрымаць архітэктурна-планіровачнае заданне, дазвол на правядзенне праектна-пошукавых работ і будаўніцтва або змяненне прызначэння будынка.
Адзін участак можна выкарыстоўваць для абслугоўвання помніка, на другім — пабудаваць шматфункцыянальны будынак.
Таргі пройдуць на пляцоўцы et.butb.by.
Асобна прадаюць стайні і прыбіральню.
Сядзібу забралі ў папярэдняга ўладальніка
Гісторыя сядзібы вядомая з пачатку XVI стагоддзя. У канцы XIX стагоддзя сядзіба перайшла ў валоданне Бохвіцаў. Яны жылі там да 1939 года, пакуль Чырвоная Армія не арыштавала апошняга гаспадара маёнтка — Отана Бохвіца. Пасля вайны ў сядзібе была музычная школа, у 70-х — упраўленне калгаса. У канцы 80-х сядзіба ўжо стаяла пустой, яе разрабавалі. У 2010-х пачаліся спробы продажу.
«У сядзібе сярэдзіны XIX стагоддзя планавалі адкрыць рэстаран, гатэль і першы ў краіне „Музей беларускай шляхты“. Нажаль, былому ўладальніку рэалізаваць задумку пакуль не ўдалося, але гэта зможа зрабіць новы ўласнік», — піша Onliner, замоўчваючы пра тое, што ва ўладальніка будынак забралі праз суд, а супрацоўнікі яго фірмы трапілі ў СІЗА.
Спробы рэстаўрацыі скончыліся крымінальнай справай
З 2013 года аб’ектам валодаў Павел Падкарытаў і фірма «Маёнтак Падароск». У 2023 годзе Ваўкавыскі раённы суд па пазове Ваўкавыскага аддзела культуры скасаваў дамову набыцця. Абскардзіць яго не ўдалося.
Да гэтага ў кастрычніку 2022 года на прадпрыемстве Падкарытава затрымалі трох супрацоўнікаў, уключаючы кіраўніка Юрыя Меляшкевіча. Стала вядома, што распачатая крымінальная справа паводле арт.243 КК «Ухіленне ад выплаты падаткаў». Праз некаторы час затрыманыя выйшлі на волю.