Супрацоўнікі некаторых сфер могуць быць моцна п’янымі ўжо з раніцы — за імі сочаць. П’янства прыводзіць да траўм, у тым ліку смяротных. Нарада на тэму п’янства на працы прайшла ў Ашмянах. У ёй удзельнічалі супрацоўнікі райвыканкамаў, ідэолагі і супрацоўнікі міліцыі, піша «Гродзенская праўда».
Выпадкі з п’янствам на працы зафіксавалі ў розных раёнах. Асабліва старанна сочаць за сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі падчас пасяўной і ўборачнай кампаній.
«Як паказваюць прыклады, работнікі ўжо раніцай могуць знаходзіцца ў цяжкай ступені алкагольнага ап’янення, таму першачарговая задача прадпрыемства — забяспечыць кантроль за фізічным станам работніка перад допускам яго на вытворчасць. Акрамя гэтага, важны кантроль за яго станам на працягу ўсяго працоўнага дня», — распавёў Міхаіл Багамаз, старшы інспектар упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС аблвыканкама.
У кожнага кіраўніка ёсць супрацоўнікі «ў групе рызыкі», лічыць Міхаіл. П’янства правакуе правапарушэнні, траўмы і няшчасныя выпадкі. За год у вобласці вырасла колькасці траўміраваных па п’яні. За дзевяць месяцаў 2025 года было шэсць выпадкаў - трое загінулых, двое цяжка траўміраваных і адзін — лёгка траўміраваны. Пры гэтым колькасць траўм у цэлым скарацілася са 172 да 130, загінуўшых — з 14 да 10.
«П'яных» злачынстваў стала менш
П’янства імкнуцца папярэдзіць. За 2025 год у вобласці на 14% зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых п’янымі. У пяці раёнах колькасць такіх злачынстваў расце — Бераставіцкі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Карэліцкі і Ашмянскі.
Усяго ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі за 9 месяцаў 2025 года адправілі 944 чалавекі.
Змагацца з п’янствам будуць ідэолагі
Барацьба з п’янствам патрабуе комплекснага падыходу, які ўключае прафілактыку, асвету і актыўны ўдзел усіх зацікаўленых структур, канстатуюць чыноўнікі.
У людзей з залежнасцямі ёсць доступ да медыка-сацыяльнай рэабілітацыі. Але не ўсе пацыенты зацікаўлены ў лячэнні і ўдзеле ў аднаўленчых праграмах, адзначаюць чыноўнікі. Яны лічаць, што змагацца з п’янствам у калектыве дапаможа ідэалагічны працаўнік. Таксама плануюць правесці ва ўсіх раёнах вобласці такія нарады. Лічаць, што гэта дапаможа знайсці «канкрэтныя меры для вырашэння праблемы» на кожным з прадпрыемстваў.