Супрацоўнікі некаторых сфер могуць быць моцна п’янымі ўжо з раніцы – за імі сочаць. П’янства прыводзіць да траўм, у тым ліку смяротных. Нарада на тэму п’янства на працы прайшла ў Ашмянах. У ёй удзельнічалі супрацоўнікі райвыканкамаў, ідэолагі і супрацоўнікі міліцыі, піша «Гродзенская праўда». 

Выпадкі з п’янствам на працы зафіксавалі ў розных раёнах. Асабліва старанна сочаць за сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі падчас пасяўной і ўборачнай кампаній.

“Як паказваюць прыклады, работнікі ўжо раніцай могуць знаходзіцца ў цяжкай ступені алкагольнага ап’янення, таму першачарговая задача прадпрыемства – забяспечыць кантроль за фізічным станам работніка перад допускам яго на вытворчасць. Акрамя гэтага, важны кантроль за яго станам на працягу ўсяго працоўнага дня”, – распавёў Міхаіл Багамаз, старшы інспектар упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС аблвыканкама.

У кожнага кіраўніка ёсць супрацоўнікі “ў групе рызыкі”, лічыць Міхаіл. П’янства правакуе правапарушэнні, траўмы і няшчасныя выпадкі. За год у вобласці вырасла колькасці траўміраваных па п’яні. За дзевяць месяцаў 2025 года было шэсць выпадкаў – трое загінулых, двое цяжка траўміраваных і адзін – лёгка траўміраваны. Пры гэтым колькасць траўм у цэлым скарацілася са 172 да 130, загінуўшых – з 14 да 10.

“П’яных” злачынстваў стала менш

П’янства імкнуцца папярэдзіць. За 2025 год у вобласці на 14% зменшылася колькасць злачынстваў, учыненых п’янымі. У пяці раёнах колькасць такіх злачынстваў расце – Бераставіцкі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Карэліцкі і Ашмянскі.

Усяго ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі за 9 месяцаў 2025 года адправілі 944 чалавекі.

Змагацца з п’янствам будуць ідэолагі

Барацьба з п’янствам патрабуе комплекснага падыходу, які ўключае прафілактыку, асвету і актыўны ўдзел усіх зацікаўленых структур, канстатуюць чыноўнікі.

У людзей з залежнасцямі ёсць доступ да медыка-сацыяльнай рэабілітацыі. Але не ўсе пацыенты зацікаўлены ў лячэнні і ўдзеле ў аднаўленчых праграмах, адзначаюць чыноўнікі. Яны лічаць, што змагацца з п’янствам у калектыве дапаможа ідэалагічны працаўнік. Таксама плануюць правесці ва ўсіх раёнах вобласці такія нарады. Лічаць, што гэта дапаможа знайсці “канкрэтныя меры для вырашэння праблемы” на кожным з прадпрыемстваў.