Рэстаран «Бона» знаходзіцца на месцы былой аптэкі на Маставой, 29. На фасадзе будынка ўжо з’явілася шыльда з назвай установы. У сваім Instagram рэстаран шукае супрацоўнікаў.

Згодна з сацсеткамі установы, рэстаран будзе спецыялізавацца на міжземнаморскай кухні «з ноткамі Азіі». Таксама будуць гатаваць «самаробную хатнюю» пасту. Штодня з поўдня да 17:00 у «Боне» будуць падаваць ланчы.

Да адкрыцця рэстаран рыхтуецца як мінімум з ліпеня 2025 — у памяшканні рабілі рамонт. У пачатку кастрычніка ў сацсетках з’явілася відэа, мяркуючы па якім, рамонт амаль скончылі. У рэстаране будуць светлыя сцены, барная стойка і зала, аддзеленая ад кухні. У якасці акцэнтаў - масіўныя люстры і высокія вокны ўздоўж сцяны, якія імітуюць панарамны выгляд.

Цяпер у «Боне» адкрыты вакансіі. Шукаюць су-шэфа, кухара, афіцыянта і бармэна.

Установа будзе працаваць з поўдня да 23:00. Даты адкрыцця ўладальнікі пакуль не паведамляюць.

Верагодна, назва рэстарана — адсылка да Боны Сфорца, якая была каралевай польскай і вялікай княгіняй літоўскай. Бона развівала медыцыну і праводзіла рэформы, якія садзейнічалі развіццю дзяржавы. Дзякуючы прыезду каралевы змяніўся і Гродна.

У горадзе па яе загадзе масцілі вуліцы і гандлёвую плошчу, горад атрымаў вадаправод і дзве гарадскія пячаткі: асобна гандлёвую і ўрадавую з выявай аленя святога Губерта. З часоў Боны адбываецца першая згадка пра знакаміты гарадскі ратушны гадзіннік, для абслугоўвання якіх у 1541 годзе Бона загадала ўзяць на службу спецыяльнага майстра.

У 2019 годзе гродзенцы стварылі петыцыю, у якой прасілі ўвекавечыць памяць Боны за яе шматлікія заслугі.

Чытайце таксама: У Гродне здаюць у арэнду памяшканне кафэ-старажыла «Верона»