У Гродне пачалі бясплатна вакцынаваць дзяўчынак ад віруса папіломы чалавека. У дактароў ёсць пытанні да вакцыны — яна магла быць мацнейшай.
З 1 студзеня 2025 года вакцынацыю ўнеслі ў Нацыянальны каляндар прафілактычных прышчэпак. Практычна год пайшоў на тое, каб даставіць вакцыну ў Беларусь.
Робяць такія прышчэпкі ў 11 гадоў. «Гродна Плюс» апісвае працэдуру: дзяўчынку аглядае ўрач-імунолаг, бацькі даюць дазвол. Пасля праводзяць саму вакцынацыю. Курс складаецца з двух прышчэпак з інтэрвалам у шэсць месяцаў. Вакцыну ўводзяць нутрацягліцава ў плячо. На выпрацоўку патрэбнай колькасці антыцелаў даюць каля трох гадоў.
Бацькі старэйшых дзяўчынак ці маладыя жанчыны могуць звярнуцца ў паліклініку па месцы жыхарства і таксама прышчапіцца, але ўжо платна. Вакцынуюць супраць віруса папіломы чалавека да 45 гадоў. З 15 працэдуру праводзяць не ў два, а ў тры этапы. Двухвалентная вакцына каштуе каля 380 рублёў, чатырохвалентная — каля 430.
Што не так з вакцынай?
Усяго ў свеце зарэгістраваныя шэсць вакцын: тры — бівалентныя, два — квадрывалентныя, адна — нанавалентная.
У Беларусі прышчапляюць Цэкалінам. Гэта кітайская рэкамбінантная бівалентная вакцына, вырабленая з вычышчаных вірусападобных часціц ВПЧ тыпаў 16 і 18.
Вакцына Цэкалін абараняе ад узнікнення захворванняў, выкліканых толькі тыпамі ВПЧ 16 і 18 і некаторымі іншымі анкагеннага тыпамі ВПЧ. Таму неабходна выконваць адпаведныя меры, каб пазбегнуць перадачы захворванняў, якія перадаюцца палавым шляхам.
Пры гэтым 7 з 10 выпадкаў рака шыйкі маткі выкліканыя ВПЧ 16 або 18 тыпу, адзначает Мінздраў Беларусі.
«Вядома, лепш, чым наогул нічога, але гэта абарона напалову, на жаль. Не настолькі добра, каб сказаць, што зрабілі, як трэба», — пракаментаваў для Hrodna.life лекар.
Справа ў тым, што «ва ўсім свеце», у прыватнасці, Польшчы і Літве, выкарыстоўваецца дзевяцівалентная вакцына «Гардасіл 9». Яна ахоплівае дадатковыя пяць тыпаў віруса: 31, 33, 45, 52 і 58 і дае большую абарону. У Беларусі была магчымасць прышчапіцца «Гардасіл 4» — але яе не было ў наяўнасці.
Бівалентная вакцына можа падлягаць частковай кампенсацыі, пішуць у польскай клініцы.
Чым небяспечны ВПЧ?
Вірус папіломы чалавека ўваходзіць у лік самых распаўсюджаных інфекцый ва ўсім свеце. Ён у сваю чаргу выклікае рак шыйкі маткі. А ён у сваю чаргу займае другое месца ў структуры анкалагічных захворванняў у гінекалогіі. Прышчэпка дапамагае абараніцца ад віруса.