Аказалася, што праекты другога этапа рэканструкцыі – узвядзенне сцен з боку Нёмана і паўночна-усходняй вежы замка – не падавалі на ўзгадненне ў Міністэрства культуры. Пра гэта даведаўся Telegram-канала “Спадчына”. Адказных за будоўлю пакараюць.
Рэканструкцыя замка ў Любчы вядзецца больш за 20 гадоў. За апошнія пару гадоў у замка аднавілі паўночную вежу з купалам. Пабудовы былі ўзгоднены з Мінкультам.

Падчас другога этапа рэканструкцыі каля замка з’явілася паўночна-ўсходняя цагляная вежа. З боку паўночнай часткі замка з металічнага каркаса будуюць сцяну.
«Гэта ўсё мякка кажучы не падобна да таго, што мы бачылі на рэндарах зацверджанага раней праекта. Так паўночная і ўсходняя сцены мусілі быць паўпразрыстым, жалюзійнымі, каб не разбураць візуальную сувязь палаца з прыродным ландшафтам, далінай Нёмана. Шмат нестыковак у вышынях і недакладнасцяў у дэталях», — напісаў аўтар Telegram-канала «Спадчына».


Мінкульт: праект не ўзгоднены
Ініцыятыўныя беларусы звярнуліся ў Мінкульт. Ведамства пацвердзіла, што работы на паўночнай вежы і паўночна-ўсходняй абарончай сцяне адпавядаюць праекту, які ўзгоднены з Мінкультам. Але рашэнні па будаўніцтве паўночна-ўсходняй вежы і сцены з боку Нёмана, гэта значыць, другая чарга, “на ўзгадненне не паступалі”.
Таму ведамства накіравала ў Гродзенскі аблвыканкам ліст. Цяпер мясцовыя ўлады павінны “прымяніць меры” да адказных за будоўлю.

“Не мае дачынення да рэстаўрацыі”
На думку аўтараў “Спадчыны”, праведзеныя за апошнія два гады працы ў Любчынскім замку – “самапал”, якія не мае ніякага дачынення да навуковай рэстаўрацыі.
З 2003 года рэканструкцыяй замка займаецца мясцовы жыхар Іван Пячынскі. Доўгі час рэканструкцыя трымалася амаль выключна на ягонай ініцыятыве і працы валанцёраў. Пазней да аднаўлення замка далучыўся “Прыёрбанк” і іншыя арганізацыі.
Чытайце таксама: Падарожжа пад парасонам: замкі Любчы і Навагрудка, самы стары касцёл і музей пад адкрытым небам – за 1 дзень і 280 кіламетраў



