Старшынёй Гродзенскага абласнога суда стаў Уладзімір Янкоўскі. Такое рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка, падпісаўшы 6 кастрычніка ўказ № 357. Да прызначэння Янкоўскі ўзначальваў суд Ленінскага раёна Гродна.

Уладзімір Янкоўскі нарадзіўся 19 кастрычніка 1974 года. У 1998 годзе ён працаваў у судзе Кастрычніцкага раёна. Потым — суддзёй у Гродзенскім абласным судзе.

20 сакавіка 2020 года Вышэйшая кваліфікацыйная калегія суддзяў Вярхоўнага суда вырашыла прызначыць Янкоўскага суддзёй і старшынёй суда Ленінскага раёна Гродна.

Паводле сайта zubr.cc, Янкоўскі не выносіў рашэнняў і прысудаў па «палітычных» справах. Але пакуль ён быў кіраўніком, гэты суд разглядаў шэраг палітычна матываваных спраў.

Напрыклад, у 2021 годзе на шэсць гадоў узмоцненага рэжыму быў асуджаны кіроўца аўтадома ініцыятывы «Краіна для жыцця» Аляксандр Арановіч са Старых Дарог.

Яшчэ адна гучная справа — працэс над гродзенцам Сяргеем Рымшам. Яго прысудзілі да трох з паловай гадоў калоніі агульнага рэжыму. Паводле матэрыялаў суда, Рымша знаходзіўся на Савецкай плошчы 9 жніўня 2020 года, калі ў мікрааўтобус з сілавікамі паляцеў камень. Неўзабаве яго затрымалі, збілі і абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

У Ленінскім судзе таксама разглядалі адміністрацыйныя справы супраць Сяргея Ціханоўскага. У маі 2020 года яму прызначылі 15 сутак арышту, у ліпені — яшчэ 15. Пасля гэтага Ціханоўскі так і не выйшаў на свабоду.

Акрамя таго, пад старшынствам Янкоўскага суд вынес рашэнне па справе гродзенскага рок-музыканта, лідара панк-групы Mister X Ігара Банцэра. 19 сакавіка 2021 года яго прысудзілі да паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову — за перформанс з танцам без штаноў перад машынай міліцыі.

З 2015 года старшынёй Гродзенскага абласнога суда быў Аляксандр Корзун.