У Гродне ўсталёўваюць усё больш камер відэаназірання. Пра гэта расказаў начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Рэзенкаў. Паводле яго слоў, гэта зроблена для бяспекі людзей.
«Пашыраецца» колькасць і шчыльнасць відэакамер, патлумачыў Рэзенкаў.
— Зразумела, што на кожным рагу іх не паставіш, але на ўездах у горад, у месцах масавага знаходжання грамадзян яны ёсць абавязкова. Так мы можам кантраляваць сітуацыю на месцы без асабістай фізічнай прысутнасці, — расказаў ён у інтэрв'ю газеце «Гродзенская праўда».
Таксама ён дадаў, што ў Гродзенскай вобласці зніжаецца ўзровень злачыннасці. Паводле звестак крымінальнага вышуку, за дзевяць месяцаў гэтага года зарэгістравалі 1501 злачынства супраць 1910 за той жа перыяд мінулага года. Колькасць забойстваў скарацілася з 19 да 11, выпадкаў цяжкіх цялесных пашкоджанняў — з 39 да 22. Пры гэтым большасць гэтых злачынстваў адбываецца пад уплывам алкаголю.
Самае ж распаўсюджанае злачынства па лініі крымінальнага вышуку — крадзеж.
Начальнік міліцыі адзначыў, што крадзяжы адбываюцца з-за страты «пільнасці» гаспадароў.
— Прыклады з гандлю і ўстаноў — нагляднае таму пацвярджэнне. Дастаткова было зачыніць рольштору, заперці кабінет, праявіць элементарную пільнасць — і маёмасць засталася б на месцы. Але звычка выйсці на пяць хвілін і пакінуць рэчы без нагляду прыводзіць да страт і крымінальных спраў, — сказаў ён.