У Іўеўскім раёне Гродзенскай вобласці заўважылі рэдкага для беларускай прыроды звера — янота-паласкуна. Навукоўцы знайшлі яго сляды ў пойме ракі Бярэзіна (прыток Нёмана), а фотапастка засняла саму жывёлу. Раней непадалёк, на трасе, выявілі збітага янота. Гэта першыя пацверджаныя выпадкі з’яўлення віду ў Беларусі за апошнія 35 гадоў, паведамляе smartpress.by.
Гэта значыць, што янотаў тут шмат, расказаў заолаг Павел Вялігураў. Паводле яго слоў, цяпер спецыялісты плануюць правесці маніторынг, каб вызначыць колькасць і арэал жывёл.
Пакуль застаецца незразумелым, як яноты трапілі на Гродзеншчыну — уцяклі з прыватных вальераў або прыйшлі з суседніх краін, дзе іх папуляцыі ўжо сфарміраваліся.
Адкуль у Беларусі янот-паласкун?
Радзіма янота-паласкуна — Паўночная Амерыка. У XX стагоддзі яго завезлі ў Еўропу дзеля каштоўнага футра. У 1954 годзе ў Прыпяцкім запаведніку выпусцілі 52 асобіны, а праз чатыры гады — яшчэ каля 50 пад Давыд-Гарадком. Звер прыжыўся: да 1965 года яго колькасць у Беларусі ацэньвалі прыкладна ў паўтары тысячы асобін. Але пасля халодных зім 1970-х гадоў яноты зніклі.
Цяпер клімат цяплейшы, і від зноў пачынае з’яўляцца. Янотаў ужо фіксавалі каля межаў Беларусі і ў Налібоцкай пушчы. Акрамя таго, у апошнія гады паласкуноў нярэдка трымаюць як хатніх гадаванцаў — а тыя лёгка ўцякаюць: звяркі здольныя адчыняць замкі і дзверы сваімі спрытнымі лапамі.

Небяспечны сусед
Янот-паласкун — усяедны і вельмі жывучы драпежнік. Ён хутка размнажаецца: самка прыносіць да шасці дзіцянят у год, а папуляцыя можа падвойвацца кожныя два гады. Яноты харчуюцца рыбай, птушкамі, насякомымі, яйкамі, а пры неабходнасці — ягадамі і арэхамі. Звяркі не баяцца людзей, лёгка асвойваюцца ў населеных пунктах. Яны пераносяць небяспечныя захворванні — шаленства, трыхінелёз, эхінакакоз.
Нягледзячы на мілы «мульцяшны» вобраз, янот-паласкун уяўляе сур’ёзную пагрозу для экасістэмы. Ён выцясняе мясцовыя віды, спусташае гнёзды і разбурае натуральныя ланцужкі харчавання.
Яноты імкліва захопліваюць Еўропу
У Еўропе маштабы распаўсюджвання янотаў выклікаюць сур’ёзную трывогу. У Германіі, дзе звер уцёк у дзікую прыроду яшчэ ў 1930-х, сёння налічваецца звыш 1,6 мільёна асобін. Штогод паляўнічыя здабываюць каля мільёна янотаў, але іх папуляцыя працягвае расці, расказвае сайт «Дзікая прырода».
Паведамляецца, што ў некаторых нямецкіх рэгіёнах з-за паласкуноў колькасць лясных птушак скарацілася амаль напалову. Падобная сітуацыя назіраецца і ў Польшчы, асабліва ў заходніх ваяводствах, якія мяжуюць з Германіяй. Яноты ўжо засялілі амаль усю краіну, уключаючы ахоўныя прыродныя зоны.

Што рабіць у Беларусі?
— Неабходна рэгуляваць колькасць і прымаць меры па недапушчэнні распаўсюджвання янота-паласкуна, — адзначыў Павел Вялігураў.
Заолаг Аляксандр Вінчэўскі для сайта «Дзікая прырода» гаварыў, што ў Амерыцы прырода адаптавалася да прысутнасці янотаў за мільёны гадоў. Тады як у нашай краіне баланс можа ўсталявацца толькі праз сотні гадоў. Да гэтага часу, папярэджвае ён, могуць знікнуць дзясяткі мясцовых відаў.
У Еўропе янот-паласкун ужо ўключаны ў Спіс інвазіўных відаў ЕС — з 2016 года яго нельга разводзіць, перавозіць або выпускаць у прыроду. У Беларусі аналагічнай забароны пакуль няма.
Некаторыя навукоўцы і паляводазнаўцы прапануюць зрабіць янота аб’ектам палявання — па прыкладзе Германіі і Польшчы. Аднак такія меры патрабуюць фінансавання: у Германіі штогод на прэміі за рэгуляванне колькасці янотаў трацяць мільёны еўра, у Польшчы — сотні тысяч злотых.