У Гродне пройдзе аўкцыён па продажы права арэнды ўчастка на вуліцы Фестывальнай. Там пабудуюць групу блакіраваных жылых дамоў.
Гаворка ідзе пра ўчастак плошчай каля 0,28 гектара ў раёне дома № 5. Тэрыторыя знаходзіцца ў водаахоўнай зоне і зоне санітарнай аховы крыніц цэнтралізаванага пітнога водазабеспячэння. Інфармацыю аб аўкцыёне размясцілі на сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці.
Зямлю прапануюць у арэнду на 99 гадоў. Уладальнік будзе абавязаны кампенсаваць выдаткі на арганізацыю таргоў, выраб кадастравай дакументацыі (крыху больш за 7 тысяч рублёў), а таксама пры неабходнасці ўкласціся ў падключэнне да цепласетак і транспартную інфраструктуру.
Аўкцыён пройдзе 28 кастрычніка 2025 года.