У Гродне за восем месяцаў 2025 года разгледзелі 1 640 сямейных спрэчак. Часцей за ўсё размова ішла пра разводы (896 спраў) і спагнанне аліментаў (399 іскаў). Такія дадзеныя прывялі суды Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў горада.

Як улічваюцца інтарэсы дзіцяці

Галоўным арыенцірам у справах аб шлюбе і сям'і становіцца дабрабыт дзіцяці, падкрэсліла намеснік старшыні суда Ленінскага раёна Гродна Вольга Шуманская. Суддзя ўлічвае яго ўзрост, здароўе, умовы жылля і меркаванне самога дзіцяці, калі яму споўнілася 10 гадоў, расказвае «Гродзенская праўда».

Пры падзеле маёмасці долі мужа і жонкі па агульным правіле роўныя. Суд можа адступіць ад гэтага правіла, каб абараніць інтарэсы дзяцей і бацькі, з якім яны застаюцца.

Прыклады з практыкі

Напрыклад, у адной справе суда Кастрычніцкага раёна Гродна ў маці была пастаянная работа і трохпакаёвая кватэра. Яна хацела, каб два сыны жылі з ёй, а бацька плаціў аліменты. Той заявіў, што адно з дзяцей хварэе і ён даглядае яго, а маці перашкаджае іх зносінам. У выніку бацькі прыйшлі да згоды: адно дзіця засталося з маці, другое — з бацькам.

У іншым выпадку маці звярнулася ў суд, каб бацька часцей удзельнічаў у жыцці дзіцяці. Суд сфарміраваў графік сустрэч з дакладным часам для бацькі, які часта ездзіў на заробкі ў Расію.

Была і такая гісторыя: жанчыну пазбавілі бацькоўскіх правоў у дачыненні да траіх сыноў за «амаральны лад жыцця». Пазней яна прайшла лячэнне, уладкавалася на працу, вырашыла пытанне з жыллём і аднавіла правы.

Якія справы яшчэ разглядаюцца

Таксама суды разглядаюць і іншыя пытанні: устанаўленне мацярынства і бацькоўства, аспрэчванне запісаў у актах, парадак выезду дзіцяці за мяжу, падзел маёмасці, спрэчкі пра парадак зносін і ўдзелу бацькоў у выхаванні, пазбаўленне і аднаўленне бацькоўскіх правоў.
Ёсць і маёмасныя спрэчкі: падзел кватэр і іншыя канфлікты, звязаныя з сумеснай уласнасцю мужа і жонкі.

Калі магчыма міравое пагадненне

У сямейна-бытавых справах існуе паняцце міравых пагадненняў. Сужэнцы могуць праз гэты інструмент, не даходзячы да суда, урэгуляваць розныя пытанні: дзе будзе жыць дзіця, як плаціць аліменты, хто і як карыстаецца жыллём. Суд правярае такія дамоўленасці і зацвярджае іх. Калі кампраміс немагчымы, спрэчка разглядаецца ў судовым парадку.