За 25 гадоў колькасць школ у Гродзенскай вобласці зменшылася з 658 да 325. Рэдакцыя Hrodna.life прааналізавала лічбы галоўнага статыстычнага ўпраўлення Гродзенскай вобласці да Дня настаўніка.

У 2000/2001 навучальным годзе ў вобласці працавала 658 школ. Праз дзесяць гадоў іх засталося 441. На пачатак 2024/2025 навучальнага года паводле статыстыкі ў рэгіёне ёсць 325 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Яны ўключаюць:

  • 8 пачатковых школ,
  • 31 базавую,
  • 262 сярэдніх,
  • 24 установы спецыяльнай адукацыі.
За 25 гадоў школ у Гродзенскай вобласці стала ў два разы менш
Колькасць школ у Гродзенскай вобласці. Фота: скрыншот з сайта grodno.belstat.gov.by

«Аптымізацыя» школ і не толькі

Школ у Беларусі становіцца менш ужо некалькі гадоў запар. У асноўным гэта звязана з закрыццём устаноў у вёсках. Улады называюць такія працэсы «аптымізацыяй».

Яна закранае ўсю сацыяльную сферу. Напрыклад, у 2024 годзе ў нашым рэгіёне закрылі 12 бюджэтных «арганізацый сацыяльнай сферы». Гэта дзіцячыя садкі, школы, гурткі па інтарэсах, каледжы, універсітэты. Яшчэ 18 — рэарганізавалі.

Як пісала выданне «Позірк», пра гэтае скарачэнне паведамляў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення аблвыканкама Павел Ашурык у матэрыяле часопіса «Фінансы. Улік. Аўдыт». Так удалося сэканоміць 4,6 млн рублёў.

На 2025 год у аблвыканкама таксама былі планы на «аптымізацыю»: меркавалася закрыць чатыры ўстановы адукацыі і дзве ўстановы культуры і рэарганізаваць яшчэ тры навучальныя ўстановы. Гэта, па падліках чыноўніка, у сваю чаргу магло прывесці да скарачэння да 200 штатных работнікаў.

Колькі настаўнікаў працуе

Ва ўсіх школах рэгіёна працуюць 11 860 настаўнікаў, уключаючы сумяшчальнікаў. Большая частка — у гарадах (8 733 педагогі). У сельскіх школах працуе 3 127. Толькі ў Гродне — каля 3 800 настаўнікаў, гэта значыць амаль палова гарадскіх кадраў.

Для параўнання: у 2021−2022 гадах педагогаў было на тысячу больш — 12 831. З іх у гарадскіх школах працавала 9 166 чалавек, а ў сельскіх — 3 665. Гэта значыць скарачэнні закранулі як гарадскія школы, так і сельскія.