У Гродне стартуе паркран: кожную суботу ў лесапарку Пышкі праходзяць бясплатныя забегі на 5 км. Паўдзельнічаць могуць і пачаткоўцы, і вопытныя бегуны. Гэта бясплатна. Інфармацыя пра першыя трэніроўкі з’явілася 2 кастрычніка ў Instagram гродзенскага бегавога клуба Run4Fun.

Што такое паркран?

Паркран — гэта бясплатныя штотыднёвыя забегі на 5 км для ўсіх: пачаткоўцаў, вопытных бегуноў, дзяцей з дарослымі і нават хатніх гадаванцаў. Бегчы можна ў любым тэмпе. Арганізацыяй і фіксацыяй вынікаў займаюцца валанцёры.

Першы паркран прайшоў у 2004 годзе ў Лондане, у парку Тэдынгтан. Ідэя належыць Полу Сінтан-Х'юіту, які пасля траўмы стаў бегаць з сябрамі. Цяпер паркран праводзіцца больш чым у 20 краінах свету, у тым ліку ў ЗША, Канадзе, Японіі, Расіі, Украіне і Польшчы. Ёсць сайт s95.by, дзе можна знайсці інфармацыю пра такія забегі ў Беларусі і зарэгістравацца, каб адсочваць свае вынікі.

Дзе ў Гродна можна далучыцца да паркрану?

Зараз энтузіясты збіраюцца кожную суботу ў 9.00 на ніжняй паркоўцы каля турнікоў у лесапарку Пышкі. Жадаючых далучыцца просяць прыходзіць загадзя — з 8:30, каб разамнуцца і атрымаць інструкцыі.

Як патрапіць у сістэму і атрымліваць свае вынікі?

Для адсочвання прагрэсу можна зарэгістравацца ў сістэме праекта S95. Рэгістравацца трэба адзін раз, а ўдзельнічаць можна ва ўсіх беларускіх паркранах. Для гэтага трэба адкрыць Telegram-бот @SAT9AM5KMBOT.

Націснуць «Старт», там увесці свае дадзеныя, потым атрымаць асабісты QR-код. Пасля забегу картку (токен) трэба паказаць валанцёру. Тады ў сістэме зафіксуецца ваш вынік.

Падобныя забегі ўжо ёсць у Мінску, Брэсце і Гомелі.