У Гродзенскай вобласці расце колькасць адміністрацыйных спраў за непадпарадкаванне пагранічнікам. За 9 месяцаў 2025 года гродзенскія пагранічнікі зафіксавалі 12 такіх правапарушэнняў. Сума штрафаў выйшла на 15 тысяч рублёў — у 24 разы больш, чым годам раней.

Што пагражае парушальнікам

Ваеннаслужачы пагранічнай службы можа запатрабаваць ад людзей дакументы ці «спынення супрацьпраўных дзеянняў».

Калі чалавек ігнаруе гэтыя патрабаванні, хаваецца, хаміць — гэта расцэньваецца як непадпарадкаванне і падпадае пад адміністрацыйную адказнасць па артыкуле 24.3 КаАП. Па ёй пагражае штраф, грамадскія работы ці арышт.

Калі ж нехта пачынае «аказваць актыўнае супраціўленне», напрыклад, спрабуе ўдарыць супрацоўніка, утрымаць яго ці прымяняе гвалт, надыходзіць крымінальная адказнасць — да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Крымінальная адказнасць надыходзіць і за пагрозы пагранічнікам і іх блізкім, а таксама за пашкоджанне ці знішчэнне іх маёмасці.

Запуск дрона і напад на памежнікаў

Напрыклад, 4 верасня 2024 года суд Гродзенскага раёна прызнаў траіх мужчын вінаватымі па артыкуле 366 КК «Насілле альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі».

Яны спрабавалі запусціць дрон у пагранічнай зоне «для супрацьпраўнай дзейнасці». Хутчэй за ўсё, гаворка ідзе пра кантрабанду цыгарэт. Пры затрыманні напалі на пагранічніка і з’ехалі на аўтамабілі.

У выніку двум мужчынам прызначылі па 3 гады пазбаўлення волі, трэцяму — 3 гады 6 месяцаў.