Жыхары аднаго з дамоў у Смаргоні сваімі сіламі пабудавалі крытую веластаянку. Яе ўстанавілі ўшчыльную каля акна на першым паверсе. Hrodna.life тлумачыць, ці можна так рабіць.

«Замест таго, каб чакаць, яны ўзялі і зрабілі!» — напісаў ў Threads смаргонскі паблік Sluhismorgon.

Паблік не паведамляе, ці ёсць у жыхароў дазвол на ўстаноўку веластаянкі.

Не ўсе каментатары ацанілі самаробную пабудову. Беларусы мяркуюць, што яе ўстаноўка — незаконная. Іншыя думаюць, што жыхары атрымалі дазвол на будаўніцтва і называюць іх «героямі».

«Яны ўжо домікі сабе будуюць гэтыя велазадроты», — піша vladmikhailov80.

«Галоўнае, каб потым штраф не атрымалі за самаўпраўства», — адзначае zhorzh7641.

«Дрэнны прыклад. Паказвае што дзяржаве і адміністрацыі горада пляваць на патрэбы насельніцтва і не зразумела куды ідуць бабкі з падаткаў», — лічыць doobo4ak.

«У такіх выпадках звычайна трэба чакаць штрафу і прадпісанні аб дэмантажы, гэта ж Беларусь», — піша konradwallenrode.

Што будзе за самабуд?

Самавольнае будаўніцтва рэгулюе артыкул 223 Грамадзянскага кодэкса. Згодна з ім, самабудам лічацца любыя будынкі і аб’екты, якія:

  • узводзяць на ўчастку, не адведзеным для гэтых мэт;
  • узводзяць без дазволу;
  • узводзяць з істотнымі парушэннямі горадабудаўнічых норм.

З’яўленне такога аб’екта лічыцца незаконным. А той, хто ўзвёў - не з’яўляецца яго ўласнікам.

У Беларусі за самавольнае будаўніцтва для фізічных асоб прадугледжаны штраф ад 5 да 30 базавых велічыняў (210−1260 руб.). У некаторых выпадках мясцовыя ўлады могуць запатрабаваць знесці самабуд — выдаткі за знос кладуцца на будаўніка.

Чытайце таксама: У Грандзічах жыхары ўстанавілі мангал у двары дома. Гродзенцы спрачаюцца, ці законна гэта