У аграгарадку Дубаўцы Ваўкавыскага раёна прадаюць дом, у якім беларусы афармляюць часовую прапіску. Аб’ява з’явілася на «Куфар».

«Стабільны даход, пастаянны попыт, адсутнасць неабходнасці ўтрымання наёмных працоўных», — адзначае ў аб’яве прадавец.

Плошча дома — 430 кв. м., «што дазваляе рэгістраваць 28 чалавек адначасова». Дому патрэбны рамонт. Па словах аўтара аб’явы, калі адрамантаваць будынак, можна будзе зарабляць больш.

За бізнэс просяць 89,5 тыс. руб. У кошт таксама ўключаны 96 сотак зямлі і пабудовы на тэрыторыі ўчастка.

Пад Гроднам прадаюць гатовы бізнэс - дом для часовай рэгістрацыі людзей
Аб’ява аб продажы бізнесу па прапісцы людзей. Скрыншот Hrodna.life

Аўтар аб’явы — «ООО «ВИОССгрупп». Сярод іншых прапаноў фірмы — арэнда пакоя ў Дубаўцах, каб атрымаць прапіску. Месяц арэнды каштуе 100 руб., але патрэбная перадаплата за паўгода наперад. Уладальнік гатовы здаваць пакой і беларусам, і іншаземцам «для розных мэт».

Ёсць і аб’ява аб часовай прапісцы ў Ваўкавыскім раёне для атрымання візы. Каштуе паслуга 400 руб. Прадпрымальнік абяцае зрабіць усю «працэдуру за адзін дзень».

Навошта беларусы прапісваюцца ў Гродне і вобласці?

З-за высокага попыту і немагчымасці самастойна запісацца ў візавыя цэнтры беларусы прыдумляюць розныя схемы, якія спрашчаюць працэс падачы дакументаў.

У верасні 2024 стала вядома, што беларусы з іншых рэгіёнаў мяняюць прапіску на гродзенскую. Для гэтага яны знаходзяць пасярэднікаў, гатовых прапісаць іх ва ўласнай кватэры і плацяць за паслугу. На той момант атрымаць працоўную візу ў Гродне было прасцей, чым у Мінску ці Брэсце.

Чытайце таксама: Гатовы бізнэс: на «Куфар» прадаюць бота для запісу на польскую візу