Старшыня Гродзенскага райвыканкама Валерый Хелскі правёў прыём грамадзян у Скідзельскім гарвыканкаме. На сустрэчу з чыноўнікам прыйшоў толькі адзін жыхар — пенсіянерка прасіла вырашыць бытавую праблему. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, чаму беларусы не карыстаюцца сустрэчамі з уладамі.

Жыхарка Скідзеля паскардзілася на зламаную калонку. Калонка знаходзіцца побач са Скідзельскім сахкамбінатам, раней ёй карысталіся і жыхары, і супрацоўнікі прадпрыемства. Цяпер у людзей няма доступу да вады — гэта стварае нязручнасці, распавяла пенсіянерка. Хелскі паабяцаў вырашыць праблему, піша «Перспектыва».

Гараджане не ходзяць на прыёмы — чыноўнікі хваляць сваю працу

Тое, што на прыём прыйшоў толькі адзін чалавек, мясцовыя ўлады палічылі «красамоўным фактам». Гэта значыць, што «большасць пытанняў гараджан вырашаецца своечасова і ўлада працуе ў правільным кірунку».

У канцы жніўня 2025 года намеснік начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Максім Руды праводзіў тэлефонную лінію. На прыём да яго не запісаўся ніводны мясцовы жыхар. Руды палічыў гэта прыкметай таго, што раённыя ведамствы правялі «добрую працу».

Чыноўнікаў абавязалі «адгукацца» на звароты

У 2024 беларусы накіравалі больш за 9 тыс. пісьмовых скаргаў у Камітэт дзяржаўнага кантролю. Яшчэ 1,4 тыс. скаргі былі агучаны вусна на асабістых прыёмах.

У тым ліку скардзіліся, што мясцовыя ўлады да вырашэння праблем падыходзяць фармальна. Людзі таксама былі незадаволеныя павольным вырашэннем праблем.

Летам 2025 Лукашэнка падпісаў новы ўказ, згодна з якім памочнікі прэзідэнта — інспектары па абласцях і Мінску, павінны не радзей як адзін раз у месяц праводзіць асабісты прыём грамадзян. Таксама чыноўнікі павінны «адгукацца на публікацыі ў СМІ» і звароты жыхароў. Выязджаць на месцы і кантраляваць, якія меры былі прыняты для вырашэння праблемы.

Улады Гродна заклікаюць жыхароў хадзіць на прыёмы

Кіраўнік Гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў у верасні 2025 выказаўся пра сацсеткі і нежаданні гараджан хадзіць на прыёмы да чыноўнікаў.

Па меркаванні Караева, жыхары злоўжываюць платформай і спрабуюць вырашыць праблемы праз ролікі, а не ў дзяржаўных інстанцыях.

Для рашэння праблемы ёсць іншыя каналы сувязі: міліцыя, суды і выканкамы, мяркуе Караеў. «Працуюць яны паводле закону. І зламаць TikTok-ролікамі дзяржаўны механізм немагчыма». Караеў дадаў, што часам сацсеткі карысныя, таму што «выкрываюць тое, што на месцах хочуць упрыгожыць».

Чаму гараджане расказваюць аб праблемах у сацсетках?

Гродзенка Вікторыя Саўчык скардзілася на яр у Фолюшы — з-за будоўлі жыхарам даводзіцца рабіць вялікі крук.

Па словах гродзенкі, яна адправіла тры звароты ў раённую адміністрацыю і ЖЭС. Яе сусед сабраў подпісы жыхароў і накіраваў іх у гарвыканкам. «Адгадайце, што? Адпіскі. А народ працягвае хадзіць праз яр».

Сваім абурэннем Вікторыя падзялілася ў Threads, таксама гродзенка планавала запрасіць тэлебачанне.

Жыхара Светлагорска Канстанціна хвалявала, што мясцовы фермер утрымлівае статак з 30 кароў у неналежным стане. «Каровы знішчаюць пасевы чужых людзей. Адна надзея на справядлівасць нашага кіраўніцтва раёна», — адзначаў Канстанцін.

Мужчына даслаў звароты старшыні гарвыканкама і сельсавета, а таксама запісаў некалькі ролікаў у TikTok. У выніку чыноўнікі пры ўдзеле ветэрынараў арганізавалі выязную камісію.

Па словах Канстанціна, самым дзейсным спосабам аказаліся ролікі. «Яны правялі размову з чалавекам, я веру, што яна была эфэктыўнай. Сацсеткі часам з’яўляюцца голасам народа. Многія людзі не ведаюць, куды звярнуцца, бо напісаць паперу не так проста».

У выпадках, калі «размовы не дапамагаюць», беларус раіць скарыстацца сэрвісам «142.бел», які аказвае кансультатыўную дапамогу па адміністрацыйных працэдурах.

«Галоўнае падрабязна апісаць праблему. Гэта ідзе на Мінск, а з Мінска ідзе сюды, на населены пункт. І яны (чыноўнікі — Hrodna.life) абавязаныя вырашыць гэтае пытанне і, адпаведна, даць справаздачу гораду Мінску».