Кожны пяты жыхар Гродзенскай вобласці – ва ўзросце 65 гадоў. Пажылых жанчын значна больш, чым мужчын. У працэнтах больш за ўсё пенсіянераў жыве ў Свіслацкім раёне. Да дня пажылых людзей Белстат выпусціў статыстычны агляд. 

На пачатку 2025 года ў Гродне і вобласці жылі 181,6 тыс. людзей, старэйшых за 65 гадоў. Гэта кожны пяты жыхар вобласці. Жанчын больш – 66,3%. Больш за палову пенсіянераў пражывае ў гарадах і толькі 32% – у сельскай мясцовасці.

Найбольшы працэнт пенсіянераў да ўсяго насельніцтва жыве ў Свіслацкім раёне – 30,4%. У Гродзенскім раёне – 21,6%, а ў Гродне – 15,8%.

За мінулы год у вобласці 83 мужчыны-пенсіянеры ажаніліся. Жанчын, якія выйшлі замуж, менш – 45.

Інтэрнетам карыстаецца 80% пажылых жыхароў Гродзенскай вобласці. Сярод самых папулярных паслуг – паведамленні і званкі, а таксама чытанне часопісаў і літаратуры.

Чытайце таксама: «Тут гэта нікому не патрэбна». Як уладкавана лячэнне дэменцыі ў Беларусі – яна памаладзела