Супрацоўнікі крымінальнага вышуку Кастрычніцкага раёна прыйшлі да маці гродзенскага журналіста і прадпрымальніка Андрэя Мялешкі. Яны прасілі маці і сястру перадаць яму, каб гродзенец звярнуўся ў так званую камісію па вяртанні. Пра гэта журналіст расказаў на сваёй Facebook-старонцы.
«Не даждёцеся ку*вы», — пракаментаваў просьбу сілавікоў Мялешка.
Журналісту таксама стала вядома, з-за якога крымінальнага артыкула сілавікі прыйшлі да ягонай маці. У адносінах да Мялешкі завялі тры крымінальныя справы па арт. 361-1 “стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім”, арт. 361-2 “фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці” і арт. 361-4 “садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці”.
Пра крымінальны пераслед вядома толькі са слоў сілавікоў – сям’і журналіста дакументы на рукі не далі, піша “БАЖ”. Таксама Мялешка не ведае, пра якое экстрэмісцкае фарміраванне ідзе гаворка. Па словах супрацоўнікаў крымінальнага вышуку, гаворка ідзе пра два інтэрв’ю журналіста ў 2023 і 2024 гадах медыя, якіх у Беларусі прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі.
Андрэй Мялешка — журналіст недзяржаўных медыя. З’ехаў з Беларусі ў 2021 годзе, калі яго выклікалі на допыт адразу тры службы. Жыў у Грузіі з сям’ёй. Адкрыў там краму беларускай сімволікі.
У верасні 2024 года Мялешку не ўпусцілі ў Грузію, калі ён вяртаўся туды з Польшчы. Разам з ім была непаўналетняя дачка Аляксандра. У дакументах, якія прадставілі спецслужбы Грузіі, прычына аб забароне на ўезд у краіну не тлумачылася.
Цяпер журналіст разам з дачкой жыве ў Польшчы.
Чытайце таксама: Купа грошай з шуфляды і кім прыходзіцца гарадзенец гарадзенцу. Бізнесмены ў эміграцыі – аб (не)супадзеннях чаканняў і рэальнасці



