Новы корпус пабудуюць побач з абласной клінічнай бальніцай на вуліцы Астроўскага. Праект ужо прайшоў дзяржаўную экспертызу. Цяпер аблвыканкам шукае генпадрадчыка і грошы для будаўніцтва, піша «Перспектыва».

Будынак будзе трохпавярховым, таксама з’явіцца цокальны паверх. Корпус разлічаны на 85 ложкаў. Там размесцяць гнойнае лор-аддзяленне, неўралагічнае аддзяленне, аперацыйны блок і амбулаторны прыём дзяцей.

У Гродне пабудуюць пяты корпус для дзіцячай абласной бальніцы
Візуалізацыя пятага корпуса дзіцячай абласной бальніцы. Крыніца: газета «Перспектыва»

У сакавіку 2024 года галоўны ўрач дзіцячай бальніцы Аляксандр Козіч ужо паведамляў аб будаўніцтве пятага корпуса. На той момант для ўзвядзення пабудовы было абрана месца. Работы хацелі пачаць у канцы 2024—пачатку 2025 года. Праектна-каштарысную дакументацыю распрацоўвалі ў рамках абласной інвестыцыйнай праграмы.