Амаль у цэнтры Гродна за кінатэатрам «Космас» на вуліцы Славацкага плануюць пабудаваць новы шматкватэрны дом. Участкі № 16 і № 16а, на месцы якіх цяпер стаяць прыватныя дамы, выставяць на аўкцыён. Аб’ява з’явілася на сайце Гродзенскага цэнтра нерухомасці.

Каб узвесці новы будынак, трэба знесці існуючыя дамы. Гэта ацэньваюць прыкладна ў 260 тысяч рублёў. Агульная плошча ўчасткаў — каля 20 сотак. Тэрмін арэнды зямлі — 50 гадоў.

Вышыня будучага будынка не павінна перавышаць 11 метраў — гэта значыць, тры-чатыры паверхі. Аўкцыённыя таргі стартуюць з сумы каля 34 тысяч рублёў.

Участак выстаўлялі на аўкцыён і раней — у 2023 годзе. Пачатковая цана з таго часу не змянілася.

У Новым свеце хочуць пабудаваць шматкватэрны дом. Пры гэтым два іншыя знясуць
Фота: gcn.by

Жылы квартал, які размешчаны паміж кінатэатрам «Космас» і вуліцамі Рэйманта і Астроўскага, раней называлі Залатой Горкай. Ён уваходзіць у квартал Новы Свет. Тут усяго тры вуліцы — Славацкага, Розы Люксембург і Піянерская, і каля двух дзясяткаў прыватных дамоў.