Улады вырашылі добраўпарадкаваць найстарэйшыя гродзенскія могілкі. Прыборкай дарожак і пляцовак тройчы на тыдзень займаюцца супрацоўнікі «Спецаўтагаспадаркі». Да працы далучыліся актывісты БРСМ і УЖРЭП Кастрычніцкага раёна, якія дапамагаюць прыводзіць у парадак зарослыя магілы.
Могілкі, мяркуючы па відэа тэлеканала «Гродно Плюс», зноў моцна зараслі.
Валанцёры прыбіраюць параснік, які замінае аглядаць помнікі. Так стане зручней праводзіць экскурсіі, расказаў дзяржаўнаму выданню начальнік Гродзенскай гарадской і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй Пісанко.
Як часта будуць праводзіць такія прыборкі, не ўдакладняецца.
Нікому не патрэбныя магілы
Некропаляў на вуліцы Антонава па сутнасці два — Фарныя каталіцкія і больш познія, праваслаўныя. Каталіцкія былі закладзены ў 1792 годзе. Гэта найстарэйшы камунальны некропаль Беларусі. Абодва не маюць афіцыйнага ахоўнага статусу. Абаронены толькі асобныя надмагільныя помнікі. Пры гэтым усяго на могілках на Антонава каля 8000 пахаванняў, прыкладна тысяча — асабліва каштоўныя.

Многія пахаванні канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя застаюцца без нагляду, бо ў жывых ужо няма сваякоў тых, хто тут пахаваны. Па сутнасці, гэтыя магілы аказаліся нікому не прыналежнымі.
Старыя могілкі ў Гродне мае патрэбу не толькі ў сістэматычнай прыборцы, але і ў рэстаўрацыі, і захаванні. Пра гэта некалькі гадоў казалі грамадскія актывісты.
Яшчэ ў 2018 годзе мінчук Андрэй Бурдзенкаў пачаў праводзіць на тэрыторыі каталіцкага пахавання прыборкі помнікаў і алічбоўваць магілы. На гэта ён траціў свае грошы. Правёў некалькі валанцёрскіх талак, але людзей на іх прыходзіла мала. У нейкі момант яны спыніліся.
Могілкі руйнуюцца
Экскурсаводы, якія шмат гадоў водзяць групы па могілках, адзначалі трывожную тэндэнцыю: з пахаванняў знікаюць чыгунныя помнікі. Прычым часта гэта адбываецца паэтапна — спачатку крыж, потым калона, затым тумба. У зямлі застаецца толькі аснова. Імаверна, помнікі разбіраюць і здаюць на метал.
Таксама старыя магілы руйнуюцца. Напрыклад, вясной мінулага года на каталіцкіх могілках упала адно з найстарэйшых надмагілляў, пастаўленае ў 1802 годзе, але старасвецкую калону падымаць не было каму.

Згодна з картай санітарнай адказнасці Гродна, за магілы на могілках ніхто не адказвае. Прапісана адказнасць за тэрыторыямі вакол капліцы і царквы, і месцамі агульнага карыстання. За самі могілкі — не.