Крэйдавыя кар’еры ў ваколіцах Краснасельскага, якія называюць «беларускімі Мальдывамі», хочуць прызнаць помнікам прыроды. Навукоўцы НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах ужо падрыхтавалі адпаведнае абгрунтаванне.
Магчыма, ужо да канца 2025 года тэрыторыя атрымае ахоўны статус і будзе развівацца як навуковы і турыстычны аб’ект, паведамляе газета «Мінскі кур’ер». Праектам па захаванні «беларускіх Мальдываў» займаецца прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы» і мясцовыя ўлады.
Помнікам прыроды плануюць аб’явіць чатыры кар’еры на радовішчы Калядзічы і прылеглыя тэрыторыі — адвалы адпрацаванай пароды і лес. Агульная плошча аб’екта складзе крыху больш за 350 га, расказаў загадчык сектара запаведнай справы Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Уладзімір Усцін.
Унікальны для Беларусі горны ландшафт
У Беларусі ёсць некалькі крэйдавых радовішчаў узростам каля 90 мільёнаў гадоў — у Краснасельскім, Бярозаўскім раёне, а таксама ў Магілёўскай і Мінскай абласцях. Пасля выпрацоўкі кар’еры звычайна рэкультывуюць: засыпаюць, выраўноўваюць адвалы і высаджваюць лес альбо выкарыстоўваюць зямлю ў сельскай гаспадарцы.
Аднак у Краснасельскім такая праца не вялася, і тут больш за дзесяць гадоў ідзе натуральнае аднаўленне прыроды. На схілах з’явіліся трава і хмызнякі, а побач выраслі тысячы дрэў, што стварыла рэдкі для Беларусі горны ландшафт. На ўчастку старога лесу навукоўцы знайшлі рэдкі від — дуб скальны, занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Разам з расліннасцю паступова вяртаюцца і жывёлы: напрыклад, тут жыве жужаль фіялетавы — рэдкі чырвонакніжны жук.

— Самае дзіўнае і нават неверагоднае ў аднаўленні экасістэмы крэйдавых кар’ераў — гэта іх падводны свет, — кажа навуковец. — У гэтых штучных вадаёмаў няма сувязі з рэкамі ці азёрамі. Іх ніхто не зарыбляў. Аднак у крэйдавых кар’ерах водзіцца рыба. Яна туды магла трапіць натуральным шляхам — з дапамогай вадаплаўных птушак.
Тут зафіксавалі карасёў, плотку, краснапёрку, ляшча, акуня і шчупака. Мясцовыя кажуць, што бачылі нават сазаноў.
Зараз беларускія навукоўцы вывучаюць гэты працэс, каб ствараць спосабы аднаўлення прыродных экасістэм.
Для турызму, але не пляжнага
Арганізоўваць пляжныя курорты на кар’ерах небяспечна, лічыць Уладзімір Усцінаў. А вось прадумаць навуковы турызм можна. Наведвальнікі змогуць даведацца пра геалогію рэгіёна і карысныя выкапні. А яшчэ — назіраць, як прырода аднаўляе экасістэму. Такі турызм у перспектыве можа прыносіць даход мясцовым крамам, гасцініцам і кавярням.
Як крэйдавыя кар’еры сталі кропкай прыцягнення турыстаў
Краснасельскія кар’еры даўно сталі неафіцыйнай турыстычнай славутасцю. Гэтыя вадаёмы называюць «беларускімі Мальдывамі» з-за іх ярка-бірузовай вады.
Яшчэ ў 2012 годзе іх наведала каля 100 тысяч чалавек, нягледзячы на адсутнасць тады арганізаванага турызму. Нягледзячы на маляўнічасць, купанне і адпачынак тут афіцыйна забароненыя. Кар’еры лічацца тэхнічнымі рэзервуарамі і знаходзяцца на тэрыторыі прадпрыемства «Краснасельскбудматэрыялы».
Пад’язныя дарогі тут не агульнадаступныя. Гэта прамысловая зона, што пацвярджаюць знакі і таблічкі на дарозе. Шмат гадоў прадпрыемства спрабавала абмежаваць доступ турыстаў.

Кар’еры часткова легалізавалі
У 2023 годзе кіраўніцтва завода часткова легалізавала наведванне аднаго з кар’ераў. Тут была абсталявана назіральная пляцоўка, з якой адкрываецца від на возера плошчай 54 гектары і глыбінёй да 50 метраў.
Аднак доступ на яе адкрыты толькі для арганізаваных груп. Для іх распрацавана паўтарагадзінная экскурсійная праграма, якая ўключае наведванне музея прадпрыемства.