Гродзенка расказала ў TikTok, што яе вяселле абышлося ў крыху больш за 19 тысяч долараў за два дні. Гісторыя адразу выклікала бурнае абмеркаванне: адны каментатары пісалі, што маладыя ўсё правільна зрабілі і арганізавалі сабе свята мары, іншыя казалі, што гэта дарма выдаткаваныя грошы і можна было на гэтую суму злётаць адпачыць ці ўнесці першы ўзнос на кватэру. Відэа набрала больш за 600 каментароў.

Асноўны дзень вяселля, мяркуючы па відэа, маладыя адзначалі на адной з загарадных пляцовак для правядзення мерапрыемстваў. Дзяўчына скрупулёзна і вельмі падрабязна распісала ўсе выдаткі, уключна з падрыхтоўкай першага танца і аплатай паслуг ЗАГСа.

Першы дзень вяселля

Выдаткі першага дня ўключалі ( у пераліку на долары):

  • Арэнда пляцоўкі — $1400
  • Піратэхніка і цяжкі дым — $1470
  • Дэкор — $2302
  • Банкет на 60 чалавек (кейтэрынг, фуршэт, садавіна, дзіцячыя пазіцыі) — $3335
  • Алкаголь і напоі на два дні — $1300
  • Кэндзі-бар — $150
  • Традыцыйны каравай — $6
  • Харчаванне падрадчыкаў — $125
  • Арганізатар і каардынатар — $700
  • Вядучы, дыджэй і абсталяванне — $1180
  • Даплата вядучаму за выязную цырымонію — $50
  • Інтэрв’ю з гасцямі для паказу на банкеце — $200
  • Відэа з VIP-пакетам — $800
  • Фатограф на ўвесь дзень — $700
  • ЗАГС — $28
  • Пярсцёнкі — $950
  • Вянчанне і ахвяраванне для касцёла — $115
  • Гатэль для ранішняй падрыхтоўкі і першай ночы — $160
  • Вясельны торт — $250
  • Букет нявесты і дублёр — $100, цагліна для жаніха, бо ён працуе будаўніком — $3
  • Арэнда кальянаў — $55
  • Палотны з фотаздымкамі маладых для бацькоў — $75
  • Навучанне вясельнаму танцу — $130
  • Запрашэнні — $20
  • Трансфер для гасцей — $220
  • Арэнда машыны для маладых (5 гадзін) — $75
  • Вобраз жаніха — $501
  • Вобраз нявесты — $2235

Другі дзень вяселля

На другі дзень маладыя знялі сядзібу з лазняй на суткі (14 спальных месцаў) — $500

Шашлык — $166

Разам: вяселле абышлося ў $19 301.

“Мой заробак за 150 гадоў". Гродзенка расказала ў TikTok, колькі патраціла на вяселле 
Вяселле гродзенкі. Фота: скрыншот з відэа.

Адкуль грошы?

У каментарыях карыстальнікі адразу спыталі, адкуль такія грошы і ці акупілася вяселле.

Дзяўчына адказала, што грошы яны з мужам збіралі больш за год. Яна працавала на дзвюх работах, але ўклала ў вяселле ад сябе па мінімуме. А вось мужу давялося “не вылазіць з вахтаў”.

Фуршэт і алкаголь маладым людзям дапамаглі аплаціць бацькі.

На пытанне, ці акупілася вяселле, дзяўчына адказала: “Так, ва ўсіх сэнсах”.

Таксама, адказваючы на пытанні, гродзенка заўважыла, што “гэта быў усяго толькі адзін дзень, але ў ім было так шмат жыцця”.

“Мой заробак за 150 гадоў". Гродзенка расказала ў TikTok, колькі патраціла на вяселле 
Салют. Фота: скрыншот з відэа

Падтрымка маладых

У каментарах многія падтрымалі гродзенцаў.

“Малайцы, гэта памяць на ўсё жыццё, грошы гэта нажыўное, заробіце і на першы ўнёсак, і на ўсе хацелкі! Доўгага вам дружнага, кахаючага і самага шчаслівага жыцця!” — напісала адна з каментатарак.

“Шчасця маладым. Рада, што вы можаце сабе гэта дазволіць, спадзяюся, што вяселле гулялі з задавальненнем”, — напісала яшчэ адна дзяўчына.

“Хто б што ні пісаў, але большасць дзяўчат мараць пра такое вяселле (проста не ўсім хапае фінансаў)”, — напісала адна з каментатарак.

“Малайцы, галоўнае, каб былі шчаслівыя. Вяселле вельмі пяшчотнае”, — пахваліла адна з карыстальніц.

“Мой заробак за 150 гадоў". Гродзенка расказала ў TikTok, колькі патраціла на вяселле 
Упрыгажэнні на вяселлі гродзенкі. Фота: скрыншот з відэа

Крытыка выдаткаў

Але былі і тыя карыстальнікі, якія не ўхвалілі такую трату грошай.

“За гэтыя грошы маглі пяць гадоў у адпачынак лятаць з камфортам”, — напісаў адзін карыстальнік.

“Сэнсу ўвогуле няма, можна было распісацца і ўдваіх адзначыць, і рвануць у кругасветнае на лайнеры, вось гэта б запомнілася”, — напісаў іншы каментатар.

“Без толку патрачаныя грошы. Кошт аднапакаёвай кватэры ў Лідзе”, — напісаў яшчэ адзін з карыстальнікаў.

“Мой заробак за 150 гадоў”, — ці то жартам, ці то ўсур’ёз напісаў яшчэ адзін каментатар.