Гродзенка расказала ў TikTok, што яе вяселле абышлося ў крыху больш за 19 тысяч долараў за два дні. Гісторыя адразу выклікала бурнае абмеркаванне: адны каментатары пісалі, што маладыя ўсё правільна зрабілі і арганізавалі сабе свята мары, іншыя казалі, што гэта дарма выдаткаваныя грошы і можна было на гэтую суму злётаць адпачыць ці ўнесці першы ўзнос на кватэру. Відэа набрала больш за 600 каментароў.
Асноўны дзень вяселля, мяркуючы па відэа, маладыя адзначалі на адной з загарадных пляцовак для правядзення мерапрыемстваў. Дзяўчына скрупулёзна і вельмі падрабязна распісала ўсе выдаткі, уключна з падрыхтоўкай першага танца і аплатай паслуг ЗАГСа.
Першы дзень вяселля
Выдаткі першага дня ўключалі (у пераліку на долары):
- Арэнда пляцоўкі — $ 1400
- Піратэхніка і цяжкі дым — $ 1470
- Дэкор — $ 2302
- Банкет на 60 чалавек (кейтэрынг, фуршэт, садавіна, дзіцячыя пазіцыі) — $ 3335
- Алкаголь і напоі на два дні — $ 1300
- Кэндзі-бар — $ 150
- Традыцыйны каравай — $ 6
- Харчаванне падрадчыкаў — $ 125
- Арганізатар і каардынатар — $ 700
- Вядучы, дыджэй і абсталяванне — $ 1180
- Даплата вядучаму за выязную цырымонію — $ 50
- Інтэрв'ю з гасцямі для паказу на банкеце — $ 200
- Відэа з VIP-пакетам — $ 800
- Фатограф на ўвесь дзень — $ 700
- ЗАГС — $ 28
- Пярсцёнкі — $ 950
- Вянчанне і ахвяраванне для касцёла — $ 115
- Гатэль для ранішняй падрыхтоўкі і першай ночы — $ 160
- Вясельны торт — $ 250
- Букет нявесты і дублёр — $ 100, цагліна для жаніха, бо ён працуе будаўніком — $ 3
- Арэнда кальянаў — $ 55
- Палотны з фотаздымкамі маладых для бацькоў — $ 75
- Навучанне вясельнаму танцу — $ 130
- Запрашэнні — $ 20
- Трансфер для гасцей — $ 220
- Арэнда машыны для маладых (5 гадзін) — $ 75
- Вобраз жаніха — $ 501
- Вобраз нявесты — $ 2235
Другі дзень вяселля
На другі дзень маладыя знялі сядзібу з лазняй на суткі (14 спальных месцаў) — $ 500
Шашлык — $ 166
Разам: вяселле абышлося ў $ 19 301.

Адкуль грошы?
У каментарыях карыстальнікі адразу спыталі, адкуль такія грошы і ці акупілася вяселле.
Дзяўчына адказала, што грошы яны з мужам збіралі больш за год. Яна працавала на дзвюх работах, але ўклала ў вяселле ад сябе па мінімуме. А вось мужу давялося «не вылазіць з вахтаў».
Фуршэт і алкаголь маладым людзям дапамаглі аплаціць бацькі.
На пытанне, ці акупілася вяселле, дзяўчына адказала: «так, ва ўсіх сэнсах».
Таксама, адказваючы на пытанні, гродзенка заўважыла, што «гэта быў усяго толькі адзін дзень, але ў ім было так шмат жыцця».

Падтрымка маладых
У каментарах многія падтрымалі гродзенцаў.
«Малайцы, гэта памяць на ўсё жыццё, грошы гэта нажыўное, заробіце і на першы ўнёсак, і на ўсе хацелкі! Доўгага вам дружнага, кахаючага і самага шчаслівага жыцця!», — напісала адна з каментатарак.
«Шчасця маладым. Рада, што вы можаце сабе гэта дазволіць, спадзяюся, што вяселле гулялі з задавальненнем», — напісала яшчэ адна дзяўчына.
«Хто б што ні пісаў, але большасць дзяўчат мараць пра такое вяселле (проста не ўсім хапае фінансаў)», — напісала адна з каментатарак.
«Малайцы, галоўнае, каб былі шчаслівыя. Вяселле вельмі пяшчотнае», — пахваліла адна з карыстальніц.

Крытыка выдаткаў
Але былі і тыя карыстальнікі, якія не ўхвалілі такую трату грошай.
«За гэтыя грошы маглі пяць гадоў у адпачынак лятаць з камфортам», — напісаў адзін карыстальнік.
«Сэнсу ўвогуле няма, можна было распісацца і ўдваіх адзначыць, і рвануць у кругасветнае на лайнеры, вось гэта б запомнілася», — напісаў іншы каментатар.
«Без толку патрачаныя грошы. Кошт аднапакаёвай кватэры ў Лідзе», — напісаў яшчэ адзін з карыстальнікаў.
«Мой заробак за 150 гадоў», — ці то жартам, ці то ўсур'ёз напісала яшчэ адзін каментатар.