Будаўніцтва сховішча для радыёактыўных адходаў у Беларусі абмеркавалі на форуме World Atomic Week у Маскве, паведамляе Tochka.by. Аб’ект можа з’явіцца ў Астравецкім раёне.

Аб’ект плануюць пабудаваць да 2030 года, расказаў прадстаўнік Дзяржатамнагляду Максім Мазурэнка. Сховішча будзе прымаць адходы з БелАЭС, а таксама звязаныя з медыцынай і наступствамі Чарнобыльскай аварыі.

Дырэктар РУП «БелРАА» Дзмітрый Логвін адзначыў, што праект распрацоўваюць спецыяльна для ўмоў Беларусі. Яго асаблівасць — не толькі фінальная ізаляцыя адходаў, але і іх перапрацоўка.

Перад будаўніцтвам правядуць грамадскія слуханні па новай для Беларусі галіне.

Дзе будуць захоўваць радыеактыўныя адходы

Пры выбары пляцоўкі ўлічаць геалагічныя і геаграфічныя асаблівасці, расказаў дырэктар «БелРАА» Дзмітрый Логвін. Сярод магчымых варыянтаў называюць Астравец у Гродзенскай вобласці, дзе працуе БелАЭС, а таксама Магілёўскую і Гомельскую вобласці.

У апошнім выпадку аб’ект могуць пабудаваць у зоне, пацярпелай ад Чарнобыльскай аварыі, у тым ліку на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка.

Месца захоўвання радыеактыўных адходаў ўжо зацверджана?

Раней BELPOL са спасылкай на «некалькі незалежных крыніц» паведамляў, што ўлады Беларусі ўжо прынялі рашэнне пабудаваць пункт захавання радыеактыўных адходаў паблізу БелАЭС у Астравецкім раёне.

«У сярэдзіне жніўня 2025 года прынята канчатковае рашэнне: сховішча размесцяць каля Астравецкай АЭС, усяго за 22 кіламетры ад мяжы з Літвой. Па наяўнай інфармацыі, на праект плануюць выдзеліць 941 млн беларускіх рублёў, увод у эксплуатацыю намечаны на 2030 год. Рэалізацыяй зоймецца дзяржаўнае прадпрыемства „БелРАА“», — расказалі ў BELPOL.

белаэс островецкая аэс
Беларуская АЭС. Фота: belaes.by, носіць ілюстрацыйны характар

Калі з’явіцца сховішча

На форуме ў Маскве заявілі, што тэхналогія захавання пакуль абмяркоўваецца. Разглядаюцца некалькі мадэляў, у тым ліку камбінаваныя. Сістэма павінна забяспечыць бяспеку на сотні гадоў наперад — да 500−600 гадоў. Першую чаргу пункта захавання радыеактыўных адходаў плануюць увесці ў 2030-м. Але цалкам стратэгія абыходжання з радыеактыўнымі адходамі распісана да 2050-х гадоў.

У канцы 2026-га — пачатку 2027 года пройдзе ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і дзяржаўная экалагічная экспертыза па выбранай пляцоўцы.

На першым этапе плануецца працаваць толькі з нізка- і сярэднеактыўнымі адходамі. Пытанне з найбольш небяспечнымі высокаактыўнымі адходамі, уключаючы адпрацаванае ядзернае паліва, пакуль знаходзіцца на стадыі падрыхтоўкі пагадненняў.