У Зэльвенскім раёне з’явілася новая экалагічная сцежка «Свет запаведніка “Мядухава”». Яна размешчана на тэрыторыі аднайменнага заказніка рэспубліканскага значэння. Ідэю рэалізавалі Зэльвенскі райвыканкам і Зэльвенскае лясніцтва Слонімскага лясгаса.
На сцежцы можна пазнаёміцца з рэдкімі відамі раслін і жывёл, занесенымі ў Чырвоную кнігу, а таксама ўбачыць векавыя дубы, у тым ліку дубы-двайнікі (верагодна, дуб з раздвоеным ствалом — Hrodna.life). Узрост аднаго з дрэў, па папярэдніх ацэнках, перавышае 200 гадоў.
Як расказаў “Гродзенскай праўдзе” загадчык сектара спорту і турызму Зэльвенскага райвыканкама Андрэй Макарэвіч, праект задумваўся як магчымасць для жыхароў і турыстаў бліжэй пазнаць прыроду рэгіёна і сфармаваць адказнае стаўленне да яе захавання.

Што можна ўбачыць па шляху эка-сцежкі
Сцежка абсталявана інфармацыйнымі стэндамі, якія расказваюць пра раслінны і жывёльны свет заказніка. Для зручнасці адпачываючых устаноўлены лаўкі, для дзяцей – арэлі, а таксама «казачныя» аб’екты: дом Лесавіка і пень жаданняў. Асаблівасць сцежкі заключаецца ў яе разнастайнасці. Яна праходзіць праз бярозавую алею, затым заварочвае ў прахалодны яловы лес. Па шляху таксама сустракаюцца зараснікі папараці.

Для тых, хто хоча даведацца больш пра навакольную прыроду, Зэльвенскі раённы турыстычны інфармацыйны цэнтр распрацаваў квэст-гульню. Удзельнікі, рухаючыся ад станцыі да станцыі, выконваюць розныя заданні.
У планах у мясцовага райвыканкама – далейшае развіццё маршруту і пашырэнне яго межаў.
– Магчыма, у будучыні мы працягнем сцежку, адкрыем новыя маршруты і створым яшчэ больш магчымасцяў для актыўнага адпачынку і пазнавальнага экалагічнага турызму, – дадаў Андрэй Макарэвіч.

Як знайсці сцежку
Дабрацца да «Мядухава» нескладана. На трасе Р-90 (Ваўкавыск – Зэльва – Слонім) устаноўлены стэнд з указальнікам і інфармацыяй пра адлегласць да экалагічнай сцежкі.



