Да Дня турызму, які адзначаецца 27 верасня, Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Гродзенскай вобласці падзялілася дадзенымі: замежных турыстаў у рэгіёне стала менш, а вось колькасць беларусаў, якія наведваюць Гродзеншчыну, прыкметна вырасла.
Замежныя турысты
У 2024 годзе ў складзе арганізаваных тураў у Гродзенскую вобласць прыехалі 5,4 тысячы замежнікаў. Гэта крыху менш, чым у 2023 годзе (5,5 тыс.). У сярэднім яны праводзілі тут каля трох дзён.
Часцей за ўсё прыязджалі расіяне — 4 780 чалавек. За імі ідуць латвійцы (355), немцы (85), французы (35) і англічане (34).
Турыстычны бум на Гродзеншчыне адбыўся ў 2019 годзе, тады вобласць наведала 125,2 тыс. арганізаваных турыстаў. Гэта быў самы вялікі паказчык па краіне. Але ўжо ў 2020 колькасць турыстаў скарацілася амаль у шэсць разоў. У 2021 сітуацыя выглядала яшчэ горш — 0,3 тыс. наведвальнікаў.
У 2022 колькасць турыстаў крыху падрасла — да 3,3 тысячы чалавек.
Як лічыць Белстат і чаму турыстаў так мала?
Паводле Белстата, турыстаў у Гродне ў апошнія гады надзвычай мала. Але адначасова мясцовыя ўлады паведамляюць пра сотні тысяч турыстаў. Уся справа ў тым, як падлічвае турыстаў афіцыйная беларуская статыстыка.
Белстат у сваіх справаздачах прыводзіць лічбы па колькасці арганізаваных турыстаў. То бок людзей, якія для наведвання Беларусі скарысталіся паслугамі фірмаў і індывідуальных прадпрымальнікаў. Турысты, якія прыехалі ў краіну самастойна, у статыстыку не трапляюць. Таксама Белстат не ўлічвае турыстаў, якія падчас падарожжаў карысталіся не гатэлямі, а аграсядзібамі і кватэрамі на суткі.
Такім чынам, большасць рэальных турыстаў у справаздачы Белстат не трапляе.
Беларусы за мяжой
Жыхароў Гродзенскай вобласці, якія выязджалі на адпачынак за мяжу праз турфірмы вобласці, стала больш. У 2023 годзе іх было 16,9 тысячы, а ў 2024-м — ужо 19,5 тысячы.
У сярэднім яны былі ў туры па восем дзён. Самыя папулярныя напрамкі — Турцыя, Расія, Егіпет, ААЭ і Польшча.

Унутраны арганізаваны турызм б’е рэкорды
Калі ў 2021 годзе Гродзенскую вобласць наведалі 66,9 тысячы ўнутраных турыстаў, то ў 2024 годзе гэтая лічба вырасла да 103,4 тысячы.
Турфірмы і гасцініцы
Да канца 2024 года ў рэгіёне працавалі 80 турыстычных арганізацый — на дзве больш, чым годам раней.
Гасцініц таксама стала больш: 38 гатэляў, тры хостэлы, тры гасцінічныя комплексы, тры гасцявыя дамы і 19 іншых аб’ектаў размяшчэння. Імі скарысталіся 194,3 тысячы чалавек. Мяркуючы па ўсім, у статыстычныя дадзеныя не былі ўключаны гасцінічныя аб’екты Гродна.

Аграсядзібы
А вось аграсядзіб стала менш. У 2023 годзе іх было 377, а ў 2024-м — 274.
Адной з прычын іх скарачэння стаў указ № 351 «Аб развіцці аграэкатурызму», які ўвёў новыя патрабаванні да іх працы. Уладальнікі павінны былі да 1 ліпеня 2023 года прайсці перарэгістрацыю, але частка гаспадарак не змагла выканаць умовы.
Адпаведна, і гасцей яны прынялі менш: 79,9 тысячы супраць 82,4 тысячы годам раней. Пераважная большасць — беларусы.
Дарэчы, Гродна ўвайшоў у пяцёрку самых наведвальных гарадоў Беларусі.
За першыя шэсць месяцаў 2025 года Гродна і вобласць наведала больш за 200 тыс. турыстаў. І тут гаворка ідзе ўжо пра ўсіх турыстаў, а не толькі пра тых, якія скарысталіся паслугамі турарганізацый.
Сярод замежнікаў больш за ўсё прыязджае расіян — на іх прыпадае больш за 80% аказаных турыстычных паслуг.