Жыхары мікрараёна Маладзёжны ў Смаргоні скардзяцца на адсутнасць аптэкі і банкамата. Каб купіць лекі ці зняць наяўныя, ім даводзіцца хадзіць у іншыя часткі горада. Найбліжэйшы да мікрараёна банкамат знаходзіцца за чыгуначнымі шляхамі.
Пра недахоп важнай інфраструктуры жыхары раёна рэгулярна нагадваюць раённай газеце «Светлы шлях».
Самае частае пытанне — пра адкрыццё аптэкі. Сітуацыю раёнцы патлумачыла загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі № 99 Таццяна Рыцікава.
— Рашэнне прымаецца не на мясцовым узроўні, а ў абласным кіраўніцтве Гродзенскага РУП «Фармацыя». Чакаецца, што яснасць па гэтым пытанні з’явіцца ўжо ў бліжэйшыя два тыдні (да пачатку кастрычніка — Hrodna.life), — растлумачыла яна.
Газета паабяцала трымаць сітуацыю на кантролі і паведаміць жыхарам адказ, як толькі нешта стане вядома.
Банкамат ставіць нявыгадна
Не так даўно адзін з жыхароў падняў і іншую праблему — адсутнасць банкамата. Ён прапанаваў усталяваць яго ў будынку «Смаргоньгаз», дзе раней знаходзіўся інфакіёск.
Але ўсталёўваць банкамат у Маладзёжным не плануюць, паведаміла начальніца аддзела гандлю, паслуг і рэкламнай дзейнасці райвыканкама Валянціна Галяк са спасылкай на Цэнтр банкаўскіх паслуг ААТ «Беларусбанк». Прычына — прагназуема нізкі паток кліентаў, што робіць яго працу нерэнтабельнай.
Найбліжэйшы банкамат для жыхароў мікрараёна размешчаны на вуліцы Роўды, 1, у краме «Марцін». Каб скарыстацца ім, жыхарам даводзіцца ісці праз чыгуначныя шляхі.

Што за раён Маладзёжны ў Смаргоні
Мікрараён Маладзёжны размешчаны на паўднёва-ўсходняй ускраіне Смаргоні, паміж мікрараёнам Усходні і аднайменным прыпынкам дызель-цягнікоў на перагоне паміж станцыямі Залессе і Смаргонь.
Раён забудоўвалі ў 1990-я гады. Тут ёсць двух-, трох- і пяціпавярховыя дамы, індывідуальная забудова, некалькі інтэрнатаў, пачатковая школа, кафэ. Таксама ёсць гарадскі пляж на возеры Юбілейным, якое лічыцца папулярным месцам адпачынку.