Гродзенская блогерка Леначка Лукашык падзялілася ў Instagram падрабязнасцямі свайго нядаўняга вяселля. У сторыс, адказваючы на пытанні падпісчыкаў, яна распавяла, чаму наважылася на шлюб пасля дзесяці гадоў адносін, чаму адмовілася ад традыцыйнай пышнай сукенкі і фаты, а таксама чаму гродзенскія ювеліры не змаглі зрабіць ёй ідэальны заручальны пярсцёнак.
«Мне гэта не трэба было наогул»
Лукашык прызналася, што прапанову выйсці замуж яна чула ад свайго партнёра з першага дня сумеснага жыцця — з 2021 года.
«Я ўвесь час думала і думала: навошта гэта трэба? Мне гэта наогул не трэба было», — шчыра кажа блогерка.
Аднак пасля дзесяці гадоў знаёмства яна вырашылася на замужжа па двух прычынах.
«Гэта, па-першае, гадавіна менавіта са дня знаёмства. Чаму б не зрабіць гэта ў тую ж дату, каб, агулам, адну дату запамінаць і неяк адзначаць адзін з адным», — расказала блогерка.


Другая прычына — у Лукашык заканчваецца пашпарт у сакавіку 2026. І яна меркавала, што ўсё роўна будзе мяняць прозвішча. «Усё роўна трэба было б збіраць усе штукі і праходзіць гэтую працэдуру, плаціць базавыя і мяняць на новае прозвішча», — патлумачыла блогерка.
У выніку прозвішча Лукашык пакінула ранейшае, а пашпарт абнаўляе проста па заканчэнні тэрміну дзеяння.
«Была ўпэўненая, што раніцай ніхто не жэніцца»
Вяселле Леначкі Лукашык прайшло 12 верасня, у чацвер. Распісваючыся раніцай у будны дзень, блогерка была ўпэўненая, што лёгка знойдзе падрадчыкаў, напрыклад, фатографаў. Але рэальнасць апынулася іншай.
«Была ўпэўненая, што цяпер ніхто не жэніцца наогул раніцай, што ўсе робяць выязныя прыгожыя вяселлі там дзесьці пасля абеду, і я з лёгкасцю знайду сабе фатографа. І калі я пачала пісаць сваім знаёмым фатографам, усе былі занятыя з васьмі раніцы. Я думаю: хто вы, хто вас наогул наймае?»
Сяброўка параіла звярнуцца да фатографа Аляксандра Кузаса, які не спецыялізуецца на вяселлях. Ён апынуўся вольны і перадаў гатовыя здымкі ўсяго праз тыдзень.
«Я невымоўна рада, што не давялося чакаць месяцамі», — кажа Лукашык.
«Не хацелася гуляць у нявіннасць»
Блогерка адмовілася ад пышнай вясельнай сукенкі і фаты, у дзень шлюбу яна была ў белым касцюме.
«Наконт таго, што ў мяне не будзе сукенкі, я таксама гэта ведала адразу. Таму што, калі шчыра, не хочацца мне гуляць у нейкую нявіннасць з пышнымі сукенкамі. Ну, разумеючы, што мы столькі гадоў разам жывем… Ну, і маладая была нейкая не маладая».
Пошук касцюма апынуўся няпростым, скардзіцца Лукашык.
«Я думала, што лёгка будзе ўсё купіць. Таму што светлых касцюмаў са спадніцамі, з пінжакамі рэальна вельмі шмат усюды. Але аказалася, што ў канцы сезону, калі ўсё распрадаецца, калі ўжо ўсюды нейкія рэшткі памераў, кветак і фасонаў, гэта не так лёгка».
У выніку Лукашык выбрала касцюм беларускага брэнда «Анет».


«За тыдзень да вяселля мой ідэальны пярсцёнак мяне знайшоў»
Але самым складаным этапам падрыхтоўкі, па прызнанні блогеркі, быў выбар заручальнага пярсцёнка.
«Я наогул не нашу ўпрыгожанняў, таму разумела: гэта першы пярсцёнак у маім жыцці, які прыйдзецца насіць пастаянна».
Яна хацела, каб пярсцёнак «быў зручным, не чапляўся за вопратку і пры гэтым выглядаў незвычайна».
«Ювеліры ў Гродне альбо са старту казалі, што не возьмуцца, альбо «так, зробім любы прыклад», але «прынясіце сваё золата, прынясіце свае камяні, прынясіце добрую карцінку прыкладу і за кучу грошай праз месяцы два паспрабуем зрабіць», — кажа Лукашык.
У выніку выбар выпаў на знакамітую мадэль Trinity ад Cartier — тры пераплеценых пярсцёнкі з белага, чырвонага і жоўтага золата.
«Незвычайнае, але пры гэтым лаканічнае, камфортнае для штодзённага нашэння. Але што круцей — з гісторыяй і сэнсам: ствараючы яго ў 1924 годзе Луі Карцье задумаў, што тры колеры золата сімвалізуюць тры грані пачуцця: сяброўства, каханне і вернасць».
Чытайце таксама: Дзе паесці і куды схадзіць. Гайд па Гродне ад блогеркі Леначкі Лукашык
«Калі я стала гатовая — тады і выйшла замуж»
У адносінах, якія закончыліся шлюбам, Лукашык была дзесяць гадоў. Падпісанты пацікавіліся, чаму так доўга гродзенка не вырашалася на замужжа.
«На самай справе тут такі момант, што я не спяшалася ў шлюб, таму што кожны ж шукае там нешта сваё. Хтосьці ўцякае з бацькоўскага дома ў шлюб, хтосьці проста шукае нейкую абарону ці нейкую пазіцыю, хоча заняць такую больш другасную — быць за кімсьці. Так, я ўсё-ткі да гэтага не спяшалася, старалася сама стаць якой-небудзь самастойнай адзінкай, якая будзе суцэльная, а другі чалавек будзе проста як партнёр, як дадатак. Таму, калі стала гатовая, тады і мяне змаглі пераканаць у гэтым. Ну і пашпарт сканчаўся».


Імя свайго партнёра блогерка не называе. Але ён ёсць на некаторых вясельных фотаздымках у яе блогу.
Хто такая Леначка Лукашык?
Леначка Лукашык — гродзенская блогерка. На яе акаўнт падпісаны больш за 17 тысяч карыстальнікаў. Яна прэзентуе сябе як «шчаслівая мама двух анёлкаў» (маюцца на ўвазе два каты) і «этычны блогер».
Да нядаўняга часу Лукашык працавала менеджарам у адной з IT-кампаній, а раней — у гродзенскім водаканале.
У сваім акаўнце блогерка распавядае пра мерапрыемствы ў горадзе, а таксама робіць агляды магазінаў і ўстаноў.

У чэрвені гэтага года Леначка Лукашык апублікавала ў Instagram агляд крамы Дэпартамента выканання пакаранняў МУС «еДИН», якая адкрылася ў Гродне. Падпісанты нагадалі ёй, што гэтыя рэчы робяць зняволеныя, у тым ліку палітвязні. Праз некаторы час блогерка выдаліла відэаагляд са сваёй старонкі.
Тлумачым простай мовай: Чаму не варта купляць прадукцыю ў краме «еДИН»