Гаспадыню рыжага ката, які выйшаў на вуліцы Гродна і патрапіў на відэа ў TikTok, завуць Святлана. Яе знайшлі журналісты «Гродзенскай праўды». Жанчына падабрала жывёліну тры гады таму — знайшла яе на дыванку каля дзвярэй. З таго моманту кот жыве разам з гродзенкай. Але пры гэтым любіць у адзіноце гуляць па цэнтры горада.

На рыжага ката гродзенцы звярнулі ўвагу напрыканцы верасня. Часцей за ўсё жывёлу можна сустрэць на вуліцы Савецкай — кот любіць грэцца на сонцы і часам дазваляе сябе гладзіць. Так гродзенцы пачалі здымаць ката на відэа і публікавалі ролікі ў сацсетках.

Святлана вярнулася ў Гродна тры гады таму пасля 20 гадоў жыцця ў Італіі. Праз тыдзень пасля вяртання яна выявіла ката — той сядзеў на дыванку пад дзвярыма. Кот быў зусім маленькім, Святлане прыйшлося выкормліваць яго з піпеткі.

— Цяпер ён ужо прывык, спіць побач са мной на ложку, — расказвае жанчына.

Мянушку кот атрымаў у гонар сваёй афарбоўкі - Рыжы. Кот хатні. Тым не менш ён часта гуляе па цэнтры Гродна без гаспадыні. Жывёлу часта падкормліваюць — Святлана просіць гэтага не рабіць, таму што сківіца ката траўмавана. Аднойчы на вачах жанчыны мінак ударыў ката нагой і выбіў зубы з левага боку.

— Таму цяпер яму цяжка есці, і дома ўсю ежу яму я размінаю відэльцам, дадаю булён. Левы бок мордачкі ён толькі мне дае гладзіць, а іншым не — балюча.

Па словах журналістаў, кот кожны вечар сустракае Святлану на адным і тым жа месцы — дадому яны вяртаюцца ўдваіх. У сацсетках некаторыя меркавалі, што гаспадыня ката памерла. На такія каментары Святлана абураецца: «Значыць, буду сто гадоў жыць».

Чытайце таксама: У Гродне з’явілася новая знакамітасць — рыжы кот