У Гродне для невідушчых і слабавідушчых правялі экскурсію па Фарным касцёле Святога Францішка Ксаверыя. Мерапрыемства прайшло ў рамках праекта «Гродна ў фармаце тыфла», мэта якога — зрабіць архітэктуру горада даступнай для людзей з парушэннямі зроку. Арганізоўваюць такія экскурсіі ўжо два гады супрацоўнікі Гродзенскай спецыяльнай бібліятэкі для інвалідаў па зроку.
Першапачаткова ініцыятыва называлася «Архітэктура ў фармаце тыфла», але з часам бібліятэкары пашырылі яе маштаб, уключыўшы ў маршруты розныя культурныя і рэлігійныя аб’екты, паведамляе БЕЛТА.
Удзельнікі праекта — а гэта члены Беларускага таварыства інвалідаў па зроку і чытачы спецыялізаванай бібліятэкі — ужо пазнаёміліся з гісторыяй Каложскай царквы, лютэранскай кірхі, касцёла Найсвяцейшага Адкупіцеля на Дзевятоўцы і Гродзенскай духоўнай семінарыі.
— Мы будзем ужо крыху далей рухацца і расказваць пра сучасную архітэктуру, — адзначыла супрацоўніца спецыялізаванай бібліятэкі Раіса Ланеўская. — Мы ўручную робім аб’ёмныя карцінкі, каб ва ўдзельнікаў экскурсіі была магчымасць уявіць той ці іншы архітэктурны аб’ект, але, канешне, такая ілюстрацыя не перадае ўсю прыгажосць будынкаў.

На такіх экскурсіях гіду трэба апісваць прастору і памеры так, каб у невідушчых удзельнікаў склалася поўнае ўяўленне пра аб’ект. Раней экскурсіі праводзілі бібліятэкары, але з часам стала зразумела, што цікавей, калі пра архітэктуру расказвае спецыяліст.
Таму ў Фарным касцёле экскурсію правёў вікарый кафедральнага касцёла ксёндз Яўген. Ён адзначыў, што ўдзельнікаў экскурсіі ў асноўным цікавіла, як выглядае касцёл і яго ўбранне.
— Нашы сённяшнія госці вельмі асаблівыя. І трэба было падрыхтавацца, як апісаць, якім чынам яны могуць, дакранаючыся да нейкіх дэталяў, зразумець, што адбываецца ў гэтым касцёле, — падзяліўся ён. — Людзі, якія сюды прыйшлі, вельмі адукаваныя, шмат ведаюць, яны вельмі чуллівыя, схопліваюць з паўслова, працягваюць твае думкі, дапамагаюць, у іх вельмі развіты духоўны свет. Насамрэч гэта дзіўная экскурсія.

Слова «тыфла» прыйшло з грэчаскай мовы і азначае «сляпы». Яго выкарыстоўваюць у тэрмінах, звязаных з жыццём невідушчых і слабавідушчых людзей. Напрыклад, гэта можа быць навучанне, спецыяльныя прылады або слоўнае апісанне таго, што звычайна бачаць вачыма.
Дарэчы, у Гродне і для звычайных экскурсій не хапае гідаў. У загружаныя дні гродзенскія экскурсаводы не могуць абслужыць усе турыстычныя групы. А маршруты строга рэгламентуюцца Нацыянальным агенцтвам па турызме.