У загружаныя дні гродзенскія экскурсаводы не могуць абслужыць усе турыстычныя групы. А маршруты строга рэгламентуецца Нацыянальным агенцтвам па турызме. Аб спецыфіцы працы гідам распавяла экскурсаводка Ангеліна Філімонцава «Гродна Плюс».

Спецыялістаў для працы з турыстамі ў горадзе не хапае. Па словах Ангеліны, у «загружаныя дні некаторыя турысты застаюцца без экскурсій».

З 1 студзеня 2023 года ўвялі новыя правілы экскурсійнага абслугоўвання. Экскурсаводы і гіды-перакладчыкі павінны праходзіць атэстацыю. За апошнія тры гады ў Гродзенскай вобласці засталося 11 атэставаных гідаў-перакладчыкаў з 20. У самым Гродне працуе 81 экскурсавод.

У 2024 увялі новае абмежаванне: гідам забаранілі займацца экскурсійнай дзейнасцю, калі раней іх судзілі ці прыцягвалі па «палітычным артыкуле». Правіла распаўсюджваецца і на тых, з каго знялі судзімасць або ў адносінах да каго спынілі пераслед.

Курсы, атэстацыя і зноў атэстацыя: як стаць гідам?

Для працы гідам трэба атрымаць вышэйшую адукацыю, расказвае Ангеліна. Калі ў чалавека няма дыплома, звязанага з гістарычным напрамкам, трэба ісці на курсы. Пасля — прайсці атэстацыю.

«Здаеш тэсты на веданне Беларусі і замежжа — такія агульнагрунтоўныя пра ўсё. Напрыклад, я ведаю пра папуляцыю вяртлявай чарацянкі (птушка — Hrodna.life)», — кажа Ангеліна.

Потым гіду трэба прайсці атэстацыю па аб’екце, за якім ён будзе замацаваны. Пасля гэтага спецыяліст атрымлівае дазвол і бэйдж — цяпер ён можа працаваць у фірме або весці турыстычнае ІП.

Экскурсійныя маршруты рэгламентаваны

Ангеліна распавядае, што ўсе маршруты «строга рэгламентуюцца» і зацвярджаюцца агенцтвам па турызме. Гіду дазволена «вар'іраваць» экскурсіі - праводзіць турыстаў па зацверджаных маршрутах, але ў розным парадку.

Сярод самых папулярных маршрутаў у Гродне Ангеліна адзначае гістарычную частку горада. Ад Фарнага касцёла, уздоўж замкаў і да Каложскай царквы. «Можна асобна прагуляцца па раёне Гарадніца. Таксама ёсць што паглядзець, што паспрабаваць».

Гід дадае, што кошты на экскурсіі «з кожным годам растуць». Таму прафесія становіцца ўсё больш прыбытковай. Зараз кошт прагулкі па горадзе з гідам стартуе ад 120 руб.

Мясцовых здзіўляюць факты пра Гродна, расіян — шматканфесійнасць

Экскурсаводка адзначае, што сярод мясцовых жыхароў попыт на экскурсіі высокі: «Цяпер становіцца папулярнай тэндэнцыяй дарыць сертыфікаты на экскурсіі».

Замежных турыстаў, у першую чаргу расіян, у Гродне здзіўляе шматканфесійнасць. «Іх вельмі здзіўляе, як чатыры храмы ўжываюцца ў адным месцы так мірна і дружна. І ніхто пры гэтым не сварыцца», — адзначае Ангеліна.

Таксама расіянам падабаецца «прыгажосць і дагледжанасць» гродзенскіх славутасцяў і вуліц.

Мачанка і пернікі: што турыстам раяць паспрабаваць у горадзе

Турыстам Ангеліна раіць паспрабаваць у Гродне дранікі і мачанку. Таксама гід прапануе прывозіць з паездак ядомыя сувеніры. Больш за ўсё экскурсаводцы падабаюцца пернікі, якія прадаюць каля Каложскай царквы, а таксама травяныя чаі «Гарадзенская гарбата».

Чытайце таксама: «З Гродна з любоўю». Якія сувеніры прывезці з паездкі ў Гродна