Беларус у Threads пацікавіўся ў карыстальнікаў, чым займаюцца людзі, якія зарабляюць больш за 3000 беларускіх рублёў. Каментатары расказалі, кім яны працуюць. Не абышлося і без гумару: «За 3 тысячы яшчэ нешта рабіць трэба?» — жартам дзівіліся карыстальнікі.

Пост з пытаннем пра заробкі беларусаў набраў амаль 300 каментарыяў. І аказалася, што заробак у тры і больш тысячы беларускіх рублёў бывае не толькі ў айцішнікаў, хаця прадстаўнікоў гэтай сферы было дастаткова.

Майстры манікюру, дальнабойнікі, будаўнікі

Было шмат адказаў ад майстроў манікюру, цырульнікаў, лагістаў, а таксама будаўнікоў.

«Будаўнік, займаюся аздабленнем. Калі рукі адкуль трэба растуць, можна добра зарабляць», — напісаў адзін з каментатараў.

«Працуем з мужам у будаўніцтве», — дадала адна з дзяўчат.

«Фарбую валасы тым, хто сам гэта не ўмее», — адзначыла адна з карыстальніц.

Некалькі чалавек пазначылі, што працуюць дальнабойшчыкамі, праўда, многія не ўдакладнілі, ці ў самой Беларусі, ці ездзяць у Еўропу. Адзін з каментатараў удакладніў: «Кіроўца фуры па РБ».

Адзначыліся геадэзісты, спецыялісты ў галіне SEO і таргетыраванай рэкламы, а таксама вядучыя курсаў па інвеставанні, трэйдзінгу і крыптавалюце.

«Туды-сюды, там-сям». Хлопец спытаў, хто зарабляе больш за 3000 рублёў у Беларусі: каментатары адказалі.
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Рэпетытары і псіхолагі з высокім прайсом

Зарабляюць больш за 3000 рублёў і рэпетытары. «Рэпетытар англійскай, але вучні з Расіі, Польшчы, Ізраіля, Сербіі і Іспаніі», — напісаў адзін з карыстальнікаў. Былі адказы ад псіхолагаў з прыватнай практыкай.

Адна з каментатарак адзначыла, што для добрага заробку прыйшлося ўкласці больш за $ 10 000 у павышэнне кваліфікацыі.

Іншая карыстальніца падзялілася назіраннямі пра кошт паслуг псіхолагаў: «Я тут шукала псіхолага, натрапіла на адну арганізацыю, цэны за гадзіну кансультацыі ад 120 да 1400 руб. Я думала, можа, нулік лішні прыпісалі, але не, гэта не памылка. Я разумею, што яны не ўсю суму пакладуць у кішэню, але блін, што можна сказаць за 1400? Можа, за адзін сеанс выправіць усё, што збіралася гадамі, прасвятлее аўра, трэцяе вока адкрыюць… карацей, мой шок у шоку. Нават афігенны юрыст па нерухомасці (з якім мы выйгралі суд) бярэ па 350 руб. за кансультацыю».

«Туды-сюды, там-сям». Хлопец спытаў, хто зарабляе больш за 3000 рублёў у Беларусі: каментатары адказалі.
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Лекары, пекары і эканамісты

У каментарыях з’явіліся адказы ад урачоў, напрыклад, УГД-спецыяліста і стаматолага. Таксама былі паведамленні:

  • «Кіраўнік аддзела продажаў у кампаніі аўтарскіх падарожжаў»
  • «У калгасе працую эканамістам»
  • «Цягнікі ваджу»
  • «У „Суседзях“ хлеб раблю»
  • «Я працую ў Зелянбудзе, заробак больш за 3000»

Мэбельшчыкі і заробак на курсах

Былі і больш падрабязныя адказы:

«Працую праектным мэнэджэрам у кампаніі, якая займаецца імпартам, рэалізацыяй і сэрвісным абслугоўваннем аўто. Асноўная частка працы: напісанне ТЗ для інжынераў», — дадала адна з карыстальніц.

«Медыянны заробак у маёй кампаніі ў прадажнікаў ~3500−4000. Ва ўсіх астатніх ад 2500 да 6000. Займаемся мэбляй, кампанія вельмі невялікая», — напісаў адзін з карыстальнікаў.

«Туды-сюды, там-сям». Хлопец спытаў, хто зарабляе больш за 3000 рублёў у Беларусі: каментатары адказалі.
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

«Вяду курсы па інвеставанні з пашпартам РБ. І яшчэ фінансавы дырэктар на аўтсорсе. Таксама вяду ўрокі і курырую розныя курсы для прадпрымальнікаў па фінансавай частцы. Пішу бізнес-планы на заказ. Зарабляю нашмат больш», — расказала яшчэ адна дзяўчына.

«3000 беларускіх рублёў — невялікія грошы»

Некаторыя карыстальнікі адзначалі, што заробак у 3000 беларускіх рублёў — гэта зусім няшмат. «Так, 3 тысячы рублёў — гэта не так шмат, працуючы кім заўгодна на Маскву можна спакойна ад 5 тысяч зарабляць. Сам інжынер-праекціроўшчык, праўда, я з расійскім грамадзянствам і працую на Маскву, пры гэтым жыву ў Мінску», — напісаў адзін з каментатараў.
«Адкрыю таямніцу: яны працуюць. 3000 беларускіх — невялікія грошы», — дадаў іншы.

«Туды-сюды, там-сям». Хлопец спытаў, хто зарабляе больш за 3000 рублёў у Беларусі: каментатары адказалі.

Жарты і самы папулярны адказ

Не абышлося і без гумару:
«Працуем, як коні, ратуйце, калі ласка», — напісала адна з дзяўчат.
«Добры ход, падатковая!», — пажартаваў іншы карыстальнік.
Самым папулярным адказам стала: «Туды-сюды, там-сям», якое набрала больш за 360 лайкаў.

Нагадаем, на ліпень 2025 года сярэдняя зарплата ў Беларусі склала 2 772,4 рубля. Для Гродзенскай вобласці гэты паказчык ніжэйшы — сярэдняя намінальная налічаная заработная плата па выніках чэрвеня 2025 года склала 2 420,6 рубля.