За першыя шэсць месяцаў 2025 года Гродна і вобласць наведалі больш за 200 тыс. турыстаў. Сярод замежнікаў больш за ўсё прыязджае расіян — на іх прыпадае больш за 80% аказаных турыстычных паслуг. Аб турызме ў вобласці піша «Гродзенская праўда».
Стары замак — самая папулярная кропка
Па дадзеных тураператараў, Гродна ўваходзіць у пяцёрку самых наведвальных гарадоў краіны. Пік прыпадае на травень-кастрычнік, а таксама ў зімовыя святы.
Сярод найбольш папулярных славутасцяў: Стары замак у Гродне, Лідскі і Гальшанскі замкі, а таксама музей-сядзіба Агінскага. За першыя шэсць месяцаў 2025 года музеі наведала больш за 200 тыс. турыстаў. Гэта на 120% больш, чым за аналагічны перыяд годам раней.
Гродна ці Брэст: які горад больш папулярны сярод турыстаў?
Згодна з Белстат, за 2024 год найбольш беларусаў і замежных турыстаў ехала ў Мінск (209 тыс.) і Брэсцкую вобласць (953 тыс.). Гродзенскую вобласць наведала 157 тыс. турыстаў. У гэтыя лічбы ўваходзяць як турысты, якія спыняліся на начлег, так і тыя, хто прыехаў на адну экскурсію і адразу з’ехаў. Па гэтых лічбах Брэсцкая вобласць даўно ў лідэрах за кошт Белавежскай пушчы і Брэсцкай крэпасці, якія прывабліваюць школьнікаў, прафсаюзы і іншыя вялікія арганізаваныя групы.
Расійскіх турыстаў становіцца больш
Сярод замежных турыстаў часцей за ўсё ў Гродна прыязджаюць расіяне. На іх прыпадае 83,8% экспарту турыстычных паслуг.
Расіян прыцягвае магчымасць плаціць картай «Мір» і насычаныя маршруты, паведамляе Рэспубліканскі саюз турыстычных арганізацый са спасылкай на дырэктара турыстычнай кампаніі «Алеан» Аксану Булах. Паводле яе слоў, вырас попыт на туры 3−7 дзён і расійскія турысты сталі часцей даязджаць да Гродна. «Алеан» — адзін з лідэраў расійскага турбізнесу на беларускім напрамку.
Таксама ў Гродна і вобласць едуць турысты з Уругвая, Японіі, Эквадора і Конга. У параўнанні з мінулым годам колькасць замежных турыстаў узрасла на 13%.
У вобласці пабудуюць новыя гатэлі і туркомплексы
У 2024 годзе Гродна быў на першым месцы ў краіне па колькасці браніраванняў. У вобласці спынілася больш за 57 тыс. чалавек. У вобласці працуе 66 гасцініц, з іх 16 — у Гродне.
Колькасць гатэляў плануюць павялічыць. Хочуць пабудаваць тры новыя гасцініцы, туркомплекс і 11 гасцявых домікаў. Таксама плануюць рэалізаваць буйныя праекты: шматфункцыянальны комплекс з гасцінічнымі нумарамі на Заводскай і гасцініцу на Малой Траецкай. У бліжэйшы час у Гродне адкрыецца гатэль «Нёман», які зможа змяшчаць каля 300 гасцей.
У Смаргонскім раёне плануюць будаваць туркомплекс.