Пасля памілавання Лукашэнкі 52 палітвязні выйшлі на волю. Сярод іх чатыры жыхары Гродна і вобласці. Медыя актыўна расказвалі пра палітычны пераслед журналіста Паўла Мажэйкі і пенсіянеркі Галіны Дзербыш. Але пра двух іншых гродзенцаў — Сяргея Спарыша і Андрэя Крылова – вядома менш. Hrodna.life расказвае, за што беларусы трапілі ў турму.
Андрэй Крылоў: сеў за адно паведамленне ў Telegram
Крылоў нарадзіўся ў Ваўкавыску. Яму 63 гады. Ён – інжынер. Восенню 2020 года мужчына адправіў паведамленне ў Telegram-групу “Банда Луки”, у якім нібыта заклікаў да масавых беспарадкаў. На судзе, які адбыўся ў верасні 2021 года, Крылоў віну не прызнаў.
Беларусу далі пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па ч. 1 арт. 293 КК “Арганізацыя масавых беспарадкаў”. Увайшоў у спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”.
Сяргей Спарыш: перашкаджаў працы Цэнтрвыбаркама
Па інфармацыі Dissident.by,Спарыш родам з Гродна. Яму 39 гадоў. Быў актывістам “Народнай грамады”. Спарыша з прымяненнем сілы затрымалі ў чэрвені 2020 года. Фармальная прычына — раней вынесеныя 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўскладанне кветак на могілках у Мінску 8 мая.
У дачыненні да яго распачалі крымінальную справу ч. 1 арт. 342 КК – за групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак – па падзеях 29 траўня ў Гродне.
У выніку яго абвінавацілі па трох артыкулах КК:
- ч. 2 арт. 293 — Удзел у масавых беспарадках
- ч. 3 арт. 293 — Навучанне або іншая падрыхтоўка асоб да ўдзелу ў масавых беспарадках, або фінансаванне гэтай дзейнасці
- ст. 191 – Перашкаджэнне ажыццяўленню выбарчых правоў
Мужчыне далі шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў 2021 годзе. Яго таксама ўнеслі ў спіс “тэрарыстаў” і “экстрэмістаў”.
Чытайце таксама: У Беларусі вызвалілі 52 палітвязняў. Сярод іх чатыры гродзенца (абноўлена)




